Лукашэнка: Лепш ціха, спакойна, але так, як ёсць

Аляксандр Лукашэнка сёння ўручыў дзяржузнагароды. Цырымонія была прымеркавана да Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасня. Выступаючы на ўзнагароджанні, Лукашэнка выказаўся за тое, каб сядзець ціха-спакойна, і каб на краіну не паказвалі пальцам.

“Пасля вяртання заходніх зямель у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі мы сталі адзіным народам з агульнымі гісторыяй, культурай, мовай, якія ў Заходняй Беларусі пад прыгнётам польскай дзяржавы былі забароненыя. Гэта факт”, – сказаў ён.

Нагадаем, 17 верасня 1939 года СССР пачаў паход супраць Польшчы, якая за два тыдні да гэтага ўжо падверглася нападу гітлераўскай Германіі.

“Сёння гэта цяжка ўявіць, але так было. Як былі і беларусы, якія не шкадавалі жыцця, каб мы “маглi людзьмі звацца”. Такіх людзей было нямала. І хоць мы сталі шырока адзначаць Дзень народнага адзінства нядаўна, да апошняга, залішне часам імкнучыся шкадаваць пачуцці заходняга суседа, гэтая дата ўсё ж была ў сэрцы нашага народа. І пацвярджэнне таму – амаль 200 вуліц, праспектаў, плошчаў і бульвараў, названых у гонар гэтай даты – 17 верасня”, – сказаў ён, дадаўшы, што свята ўжо заняло ганаровае месца ў адным шэрагу з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці.

“Гісторыя не раз даказвала: што б ні адбывалася, беларусаў купіць немагчыма, іх немагчыма запалохаць і раз’яднаць”, – працягнуў Лукашэнка.

Разам з тым ён усё яшчэ працягвае сумнявацца ў значэнні свята, якое адзначаецца з 2021 года.

“Мы, можа быць, не зусім усведамляем, што гэта за свята, дасягненне і веліч”, – сказаў ён.

“Каб усё гэта ўсвядоміць па-сапраўднаму, народы праходзяць праз найцяжэйшыя выпрабаванні. Нам не трэба пра гэта расказваць, таму што ў нас каля парога нашы родныя людзі праходзяць такія выпрабаванні. Я б не хацеў, каб гэта здарылася. Лепш ціха, спакойна, але так, як ёсць. Пройдзе час, і мы па-сапраўднаму, кожны ў сваёй душы, сэрцы ацэнім веліч таго, што здарылася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя”, – дадаў Лукашэнка.

Ён таксама запэўніў прысутных, што будзе рабіць усё, каб на краіну не паказвалі пальцам.

“Мы сёння адзіная нацыя. Самае галоўнае – мы тут прымаем рашэнні аб будучыні нашай краіны. Хачу вас запэўніць, што як Прэзідэнт, якому вы давяраеце, зраблю ўсё, каб на нас ніколі не паказвалі пальцам. А калі і паказвалі, то як цяпер – з зайздрасцю. Няхай нас называюць агрэсарамі, яшчэ кімсьці – мы мірныя людзі. Мы ведаем цану вайны, мы ведаем цану адзінства. Я гэта добра памятаю і зраблю ўсё для таго, каб вы не былі, як мінімум, расчараваныя”, – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!