Лукашэнка чакае ад ШАС фарміравання новай архітэктуры бяспекі ў Еўразіі

Аляксандр Лукашэнка чакае, што Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва забяспечыць фарміраванне новай архітэктуры бяспекі ў Еўразіі. Ён таксама заклікаў стварыць навуковы фонд ШАС і падтрымліваць адзіную лічбавую прастору. Сёння ў Бішкеку праходзіць саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

“У сучасным свеце стабільнасць – гэта здольнасць захоўваць раўнавагу, нягледзячы на перашкоды, якія ўзнікаюць. Гэта магчыма толькі пры наяўнасці надзейных апор. І сёння ШАС успрымаецца ў якасці адной з іх, прычым ці не найважнейшай у Еўразіі.

Ва ўмовах глабальнага нарастання канфліктаў важна ўмацоўваць і пацвярджаць справай імідж ШАС як еўразійскага цэнтра шматпалярнага светаўладкавання, якое фарміруецца, забяспечваць адзінства самой арганізацыі па кожным з ключавых напрамкаў работ”, – сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, арганізацыі ў год свайго 25-годдзя трэба будзе “акрэсліць стратэгічныя контуры будучыні ШАС”.

«Нашы агульныя мэты ёміста сфармуляваныя ў перыяд кыргызскага старшынства: умацоўваючы стабільнасць і пашыраючы супрацоўніцтва да далейшага сумеснага развіцця”, – адзначыў ён.

Першы напрамак сумеснай працы – бяспека.

“Выклікі ў гэтай сферы нарастаюць. Інфармацыйны, дыпламатычны, фінансава-эканамічны і іншы санкцыйны ціск – рэаліі сённяшняга дня. У арсенале «моцных свету гэтага» ужо не толькі тэхналогіі каляровых рэвалюцый і гібрыднага ўздзеяння. У цяперашні час дэманстратыўна вярнулася прамая масіраваная ваенная агрэсія.

Нашым адказам на такі выклік павінна стаць фарміраванне новай архітэктуры бяспекі ў Еўразіі, стварэнне агульнай прасторы даверу і супрацоўніцтва. Беларусь з шэрагам дзяржаў сям’і ШАС ужо робіць адпаведныя крокі”, – сказаў ён.

Другі напрамак супрацоўніцтва – эканоміка.

“Сумесныя ініцыятывы павінны даваць канкрэтныя вынікі, умацоўваць дабрабыт народаў і спрыяць згуртаванню нашых дзяржаў.

Рэгулярны кантакт нашых профільных ведамстваў наладжаны. І мы чакаем усё, што колькасць сустрэч пяройдзе ў якасць, запусціць маштабныя практычныя ініцыятывы”, – сказаў ён.

Лукашэнка падтрымаў найхутчэйшае заснаванне Банка развіцця ШАС, вітаў рост долі нацыянальных валют ва ўзаемных разліках.

“Імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій дадало ў звыклую сістэму каардынат новае, лічбавае вымярэнне. Беларусь выступае за найхутчэйшае стварэнне адзінай адкрытай і бяспечнай лічбавай прасторы арганізацыі”, – сказаў ён.

У рамках гуманітарнага ўзаемадзеяння Лукашэнка рэдложыў стварыць навуковы фонд.

“Мы ўдзячныя за актыўны ўдзел краін ШАС у Нарадзе міністраў адукацыі, якая ўпершыню прайшла сёлета ў сталіцы Беларусі, а таксама за ухвалены падчас сустрэчы праект «Мінская ініцыятыва», які прадугледжвае стварэнне кансорцыума ВНУ і высокатэхналагічных карпарацый ШАС.

Беларусь таксама прапануе заснаваць навуковы фонд арганізацыі, які спрыяў бы інтэграцыі патэнцыялаў вучоных нашых краін.

З дапамогай гэтага інструмента мы зможам падтрымліваць інавацыйныя даследчыя праекты ў самых розных галінах: ад клімату і экалогіі да разумнай сельскай гаспадаркі, біятэхналогій, аховы здароўя і фармацэўтыкі”, – сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што ШАС не павінна быць закрытай арганізацыяй.

“Замацаваны ў Хартыі ШАС статус партнёра сведчыць пра тое, што мы не прыхільнікі закрытых альянсаў і гатовыя да ўзаемадзеяння з усімі ў “шанхайскім духу”. Трэба нарошчваць кантакты ШАС з іншымі аб’яднаннямі, такімі як ЕАЭС, СНД, АДКБ, АСЕАН, Афрыканскі саюз і, вядома ж, БРІКС”, – заклікаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!