Скриншот видео
Аляксандр Лукашэнка асцерагаецца эскалацыі, якая можа ператварыць расійска-ўкраінскую вайну ў новую сусветную. Паводле яго слоў, Дональд Трамп сваімі намаганнямі ўжо адзін раз адсунуў небяспечную мяжу. Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point.
Карэспандэнтка часопіса Ан Ніва папрасіла Лукашэнку раскрыць сэнс яго выказвання пра агульную стомленасць ад вайны, з якім ён выступіў у Мінску на канферэнцыі па бяспецы.
“Я не проста адчуваю гэта, я ведаю гэта. Украіна і Расія, якія ваююць адна з адной, стаміліся, але стаміліся і вы, і Еўропа, і мы. Усім ужо дастаткова. Кожная вайна адбываецца ў галовах людзей. Калі ўнушыць людзям думку, што заўтра мы будзем ваяваць, то гэта толькі пытанне часу, калі мы даведаемся, куды адправіць танкі. Але калі гэтая стомленасць ужо ёсць у галовах людзей… як доўга яна працягваецца?” — сказаў ён.
“Амаль пяць гадоў…” — адказала Ніва.
“Пяць гадоў. Папярэдняя кровапралітная вайна скончылася за чатыры гады, пераможца быў абвешчаны, і гэтак далей. Вось што сёння займае думкі людзей, не толькі ў Расіі і Украіне, не толькі сярод эліты, але і сярод простых людзей з абодвух бакоў, тут, а таксама ў вашай краіне, нават нягледзячы на тое, што мы не ўдзельнічаем у вайне. Я кажу пра вас як пра еўрапейцаў, як пра французаў: сярод вас таксама ёсць стомленасць. Пэўны настрой ужо ўкараніўся. Гэта толькі пытанне часу. Я лічу, што рашэнне давядзецца прыняць у найбліжэйшай будучыні.
Давайце паглядзім, што можа адбыцца: па-першае, мы не павінны меркаваць, што калі сёння ўкраінцы або рускія атрымаюць перамогу на фронце, то заўтра будзе тое ж самае. Перш за ўсё мы не павінны так думаць. Вайна — гэта востры канфлікт, дзе заўсёды магчымыя нечаканыя сітуацыі. Сёння лічыцца, што Расія прасоўваецца на фронце, няхай гэта будзе сямімільнымі крокамі або невялікімі рыўкамі. Але гэта можа змяніцца.
Наадварот, Украіна паспяхова абараняецца: яе беспілотнікі наносяць удары па нафтаперапрацоўчых заводах, яны паразілі Крымскі мост. Усё, здаецца, у парадку. Вы наносіце ўдары па нас, мы наносім удары па вас, мы абменьваемся ўдарамі. Заўтра сітуацыя можа цалкам змяніцца”, — працягнуў ён.
Паводле яго слоў, адным з варыянтаў гэтага з’яўляецца ўмяшанне NATO.
“NATO можа ўмяшацца ў гэтую вайну. Французы таксама, і не толькі ў якасці наймітаў сёння. На вашым баку ўжо дастаткова наймітаў. Беларускія найміты ёсць з абодвух бакоў. Тыя, хто хоча ваяваць за грошы, умяшаюцца. Але ваш Атлантычны альянс таксама можа ўмяшацца, або французы…” — сказаў ён.
“Гэта магчымая эскалацыя. На вайне магчыма ўсё. Таму я кажу вам, што мы ні ў якім разе не павінны разлічваць на тое, што заўтрашні дзень паўторыць сённяшні. Гэтага не адбудзецца. Гэта мой аналіз, і не толькі мой: эксперты ў гэтым перакананыя. Таму мы павінны дасягнуць пагаднення сёння. Эскалацыя можа адбыцца раптоўна: мы сядаем за стол перамоў, не дасягаем пагаднення, пазіцыя Украіны не задавальняе Расію, пазіцыя Расіі раздражняе Украіну і гэтак далей”, — сказаў ён.
На думку Лукашэнкі, ініцыятыва Дональда Трампа ўжо дазволіла адсунуць небяспечную мяжу. Пры працягу палітыкі папярэдняга прэзідэнта ЗША Джо Байдэна свет бы ўжо сутыкнуўся з новай сусветнай вайной.
“Ёсць яшчэ сёе-тое: Дональд Трамп усур’ёз увязаўся ў гэтую вайну. Якім бы ні было ваша меркаванне пра яго, ён усур’ёз увязаўся ў яе. Паўтараю: разумеў ён гэта ці не, рабіў ён гэта з прычын унутранай палітыкі — гэта іншае пытанне; факт у тым, што ён прадухіліў эскалацыю, ён прадухіліў Трэцюю сусветную вайну.
Калі б усё ішло як пры Байдэне, што не выключаецца ў будучыні, мы б, магчыма, ужо мелі пашырэнне гэтага канфлікту. Калі не Трэцяя сусветная вайна, то вы б, натаўцы, ужо былі ўцягнутыя ў гэтую вайну. Ён гэта прадухіліў.
Калі амерыканцы ўбачаць, што гэты працэс тармозіцца з боку Расіі, яны дадуць Украіне зброю так, як пры Байдэне. І грошы, і зброю, і натаўцаў актывізуюць. Калі Амерыка ўбачыць, што Зяленскі, бегаючы па Еўропе, тармозіць гэты працэс, яны ўвогуле ніякай зброі і ніякіх грошай не дадуць. Еўрапейцы з гэтым не справяцца. А яшчэ і будзе ціснуць на еўрапейцаў у большай ступені, чым ён гэта робіць цяпер. Разумееце, у чым небяспека з двух бакоў?” — сказаў ён.