«Людзі, што з вамі не так?» Кіроўца маршруткі накрычаў на 17-гадовую дзяўчыну і высадзіў на выездзе з горада

Беларуска расказала ў Threads, што кіроўца міжгародняй маршруткі прапусціў прыпынак і высадзіў яе непаўналетнюю дачку позна ўвечары на ўскраіне Ваўкавыска, накрычаўшы на яе і давёўшы да слёз. Пост набраў каля 170 тысяч праглядаў і больш за 4 тыс. лайкаў. Перавозчык паабяцаў правесці праверку.

Паводле слоў аўтаркі паста, 8 лістапада яе 17-гадовая дачка ехала з Мінска ў Ваўкавыск маршруткай Мінск — Рось перавозчыка ТАА «ЮВитЛайк».

«У 20.20, праехаўшы аплачаны прыпынак у г. Ваўкавыску, вывез за горад, накрычаў на яе, каб не вяртацца, і высадзіў на выездзе з горада Ваўкавыска, — напісала яна. — Дачка патэлефанавала, так плакала, я думала, што ў мяне сэрца спыніцца. Я стала яму тэлефанаваць, а ён адключыў тэлефон», — напісала яна.

Жанчына прыклала да паста скрыншот карты з геалакацыяй дачкі. Адзначаная кропка знаходзіцца на ўскраіне горада, ля дарогі каля жылых шматпавярховікаў.

Што паводле закона

Некаторыя каментатары сталі на бок кіроўцы, выказаўшы здагадку, што дзяўчына «праспала» пункт прызначэння і не папрасіла кіроўцу спыніцца. Маці гэта адмаўляе. Але нават калі б гэта было так, Правілы аўтамабільных перавозак (пастанова Саўміна ад 31 сакавіка 2026 года № 147) на баку пасажыра. З пункта 101 вынікае, што міжгародняя маршрутка-экспрэс павінна спыніцца там, дзе выходзіць пасажыр. Дзяўчына з білетам да Ваўкавыска і ёсць той пасажыр, які там выходзіць, значыць, прыпынак абавязковы.

Да таго ж кіроўца павінен абвяшчаць «назвы бягучага і наступнага прыпынкаў» і быць ветлівым з пасажырамі (пункт 229), выключэння для маршрутак няма. А высаджваць людзей ён можа толькі на прыпыначных пунктах (пункт 49). Калі апісаная гісторыя – праўда, кіроўца мог парушыць адразу некалькі пунктаў правілаў.

У каментарыях маці дзяўчыны напісала, што накіравала звароты ў ДАІ Ваўкавыскага раёна, Транспартную інспекцыю па Гродзенскай вобласці і Гродзенскі аблвыканкам. На яе думку, парушаныя ПДР, Правілы пасажырскіх перавозак, закон аб абароне правоў спажыўцоў і ўмовы дагавора перавозкі. Адказы яна паабяцала апублікаваць.

Рэакцыя перавозчыка

У каментарыях адказаў карыстальнік, які напісаў ад імя ТАА «ЮВитЛайк». Ён падзякаваў за зварот і паабяцаў, што кампанія правядзе праверку, прагледзіць відэазапісы і дасць ацэнку сітуацыі. Жанчыну папрасілі звязацца з кампаніяй па тэлефоне.

Размаўляць па тэлефоне яна адмовілася і папрасіла электронны адрас, каб накіраваць пісьмовую прэтэнзію. «У вас працуюць грубыя кіроўцы, і ён не першы, хто зрабіў так», — адказала яна.