Миндаугас Синкявичюс. Фото: канцелярия Сейма Литвы
У Літве плануюць падоўжыць узмоцнены кантроль на мяжы з Калінінградскай вобласцю Расіі да канца лістапада, піша Elta. Канчатковае рашэнне будзе прынята з улікам рэкамендацый вайскоўцаў, паведаміў прэм’ер-міністр Літвы Міндаўгас Сінкявічус.
Паводле яго слоў, пытанне падаўжэння ўзмоцненага кантролю ўжо абмяркоўвалася з міністрам абароны Робертасам Каўнасам.
«Былі размовы з міністрам абароны Літвы. Міністр абароны, відаць, будзе абапірацца на прапановы арміі. Гаворка ішла пра падаўжэнне кантролю да канца лістапада, але, відаць, міністр абароны можа пракаментаваць, ці трэба гэта. Само рашэнне будзе залежаць не ад палітычнай волі, а ад ваеннай рады», – заявіў Сінкявічус.
У цяперашні час літоўскім памежнікам на мяжы з Калінінградскай вобласцю дапамагаюць вайскоўцы. Раней міністр абароны паведамляў, што ўлады разглядаюць магчымасць падаўжэння ўдзелу арміі ў ахове мяжы.
Узмоцнены кантроль на гэтым участку быў уведзены ў кастрычніку, пасля чаго яго падоўжылі да сярэдзіны лістапада. Як раней тлумачыў міністр унутраных спраў Літвы Марцінас Кацелінас, рашэнне звязана ў тым ліку з інцыдэнтам на латвійска-беларускай мяжы, дзе група мігрантаў у суправаджэнні ўзброеных людзей паспрабавала незаконна перасекчы мяжу. Акрамя таго, узмацненне аховы мяжы разглядаецца як прэвентыўная мера на фоне асцярог магчымай мабілізацыі ў Расіі пасля выбараў.
Паводле даных МУС Літвы, у ахове мяжы з Калінінградскай вобласцю памежнікам дапамагаюць да 100 вайскоўцаў.