Фото: facebook.com/LRKAM
Літва плануе цалкам перайсці да ўсеагульнага прызыву юнакоў на абавязковую пачатковую ваенную службу ў 2032 годзе. Такое рашэнне прыняў Дзяржаўны савет па абароне на пасяджэнні пад старшынствам прэзідэнта Гітанаса Наўседы 29 кастрычніка.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта краіны, пры вызначэнні тэрмінаў улічылі магчымасці войска, неабходнасць будаўніцтва інфраструктуры і падрыхтоўкі дадатковых інструктараў, а таксама фінансавыя рэсурсы і бягучыя прыярытэты.
Наўседа заявіў, што ўсеагульны прызыў варта разглядаць не столькі як спосаб павялічыць колькасць войска, колькі як магчымасць падрыхтаваць да абароны як мага больш грамадзян.
«Мы ўсе павінны быць гатовыя – гэта неабходна не толькі для абароны, але, што самае важнае, для эфектыўнага стрымлівання», — падкрэсліў прэзідэнт.
У цяперашні час Міністэрства абароны і літоўскае войска паслядоўна павялічваюць маштабы абавязковай пачатковай ваеннай службы.
На пасяджэнні савета таксама абмеркавалі сітуацыю з бяспекай, развіццё інтэграванай сістэмы супрацьпаветранай абароны, карэкціроўку сістэмы апавяшчэння аб пагрозе паветранага нападу і супрацоўніцтва з абароннай прамысловасцю Украіны.
Падчас пасяджэння было адзначана, што характар пагроз застаецца нязменным.
«Агрэсіўныя дзеянні Расіі — гэта рэальнасць, з якой мы сутыкаемся пастаянна, таму мы павінны быць гатовыя да любых атак або правакацый з боку крамлёўскага рэжыму», — заявіў Наўседа.
Паводле ацэнкі савета, верагоднасць звычайнага ваеннага нападу на Літву ў найбліжэйшыя два гады застаецца вельмі нізкай. Аднак у перспектыве 3-5 гадоў рызыкі ацэньваюцца сур’ёзна. Сярод асноўных прыярытэтаў абароны краіны названыя стварэнне нацыянальнай дывізіі да 2030 года і ўмацаванне абароны дзяржаўнай мяжы.