Літва збіраецца спрасціць умовы для збівання беспілотнікаў. Адпаведныя кансультацыі будуць пачаты з НАТА. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр краіны Міндаўгас Сінкявічус.
«Я запатрабаваў пачаць кансультацыі з НАТА (…). Верагодна, гэта будзе рэалізавана на працягу месяца, каб мы ўсё ж перагледзелі гэты алгарытм”, – сказаў ён, перадае LRT.
Цяпер правілы патрабуюць устанавіць візуальны кантакт з аб’ектам, перш чым адкрываць па ім агонь. Літоўскі бок хоча, каб для прыняцця рашэння пілоту было дастаткова даных радара.
«Хутчэй за ўсё, для гэтага ёсць магчымасці і прастора, і, напэўна, НАТА можа пакінуць гэта на меркаванне нацыянальнага права: калі мы вырашаем, што ёсць аб’ект, мы бачым яго на радары, знішчальнікі ў паветры, і мы вырашаем яго збіць, ён будзе збіты», – сказаў Сінкявічус.
Трэба адзначыць, што раней Польшча ўжо ўнесла аналагічныя змены. Цяпер сродкі паражэння будуць прымяняцца супраць БПЛА на падставе даных радара і іншых прыкмет, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць аб’ект, без абавязковага патрабавання ўстанавіць з ім візуальны кантакт.
У Польшчы місіі па патруляванні паветранай прасторы і перахопе выконваюць як польскія знішчальнікі, так і знішчальнікі краін-саюзнікаў. У Літве дзяжурства ажыццяўляюць толькі пілоты саюзнікаў па НАТА.