Кястутис Будрис на Мюнхенской конференции по безопасности 14 февраля 2026 года. Фото: Офис Тихановской
Літва хоча дамагчыся прызнання расійскага Галоўнага разведвальнага ўпраўлення тэрарыстычнай арганізацыяй. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў краіны Кястуціс Будрыс.
“Яго прызнанне тэрарыстычнай арганізацыяй азначала б, што і ўсіх, хто служыў у ГРУ або звязаны з ім, мы лічылі б тымі, хто падтрымлівае тэрарызм або садзейнічае яму. І духу такіх людзей не павінна быць каля нашых прадпрыемстваў, банкаў, на нашай тэрыторыі. Толькі для гэтага неабходна важкае прававое абгрунтаванне, і менавіта гэтым мы цяпер займаемся. Усе расследаванні, справы, якія паступаюць у суд, дзе ёсць эпізоды, якія даказваюць датычнасць не толькі Расіі, але і канкрэтнага ведамства, і калі гэта ГРУ, – на гэтай падставе мы будзем дамагацца яго прызнання тэрарыстычнай арганізацыяй“, – сказаў ён, перадае Delfi.
Паводле яго слоў, трэба “называць сваім імем тое, што Расія робіць цяпер, і не дапускаць, каб усё гэта заставалася беспакараным”.
У пачатку тыдня Будрыс ужо заклікаў калег па Савеце ЕС па замежных справах прыняць меры ў дачыненні да расійскай разведкі.