Літва абвергла паведамленні пра датычнасць да атакі дронаў у Калінінградскай вобласці

У расійскай Калінінградскай вобласці абвяшчалі паветраную трывогу з-за пагрозы беспілотнікаў.

Паводле даных украінскага маніторынгавага канала Exilenova+, жыхары горада Балтыйска чулі гукі беспілотнікаў і выбухі ў раёне порта. Рэсурс таксама апублікаваў матэрыялы, на якіх, як сцвярджаецца, зафіксавана праца расійскай СПА.

Аўтары мяркуюць, што мэтай атакі магла быць ваенна-марская інфраструктура Балтыйскага флоту. Паводле даных канала, беспілотнікі рухаліся ў гэтым кірунку яшчэ з раніцы, калі іх заўважалі над Фінскім залівам.

Губернатар Калінінградскай вобласці Аляксей Беспразванных пацвердзіў спрацоўванне сістэмы апавяшчэння «Беспілотная небяспека» ў Нёманскім раёне. Паводле яго слоў, прычынай стаў падазроны аб’ект з боку Літвы.

«У Нёманскім раёне спрацавала сістэма апавяшчэння «Беспілотная небяспека». Яна зрэагавала на падазроны аб’ект з боку Літвы. Спецыялісты правялі ўсе неабходныя праверкі, пагрозы няма. У найбліжэйшы час рэжым будзе адменены», – напісаў ён напярэдадні ўвечары.