Изображение: VSAT
Літоўскія памежнікі за дзень перахапілі 7 партый цыгарэтнай кантрабанды, дастаўленай з Беларусі метэазондамі. Як паведамілі ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы, гэта самы вялікі аб’ём паветранай кантрабанды, перахоплены за адзін дзень у гэтым годзе. Затрыманыя двое падазраваных.
Усяго ў пятніцу было канфіскавана 12,7 тыс. пачак цыгарэт. Метэазонды прызямляліся ў Варэнскім і Лаздзіяйскім раёнах, а таксама ў Друскінінкаі.
Адзначаецца, што адзін з паветраных шароў прызямліўся ў цяжкадаступнай частцы Чапкеляйскага запаведніка. Памежнікам давялося ісці па балотах 3 км. Яны выявілі 3500 пачак цыгарэт, якія прыляцелі на трох злучаных паміж сабой метэазондах.
Усяго ж з пачатку года перахоплена 40 партый паветранай кантрабанды, або 108 тыс. пачак цыгарэт. Затрыманыя 23 чалавекі.