Фото: VSAT
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы адчыталася аб затрыманні чарговага кантрабандыста, які прыйшоў па партыю цыгарэт, дастаўленых з Беларусі з дапамогай метэазонда.
Затрыманы — жыхар Алітускага раёна. Як расказалі ў САГМ, мужчына прыйшоў па кантрабанду, аднак яму давялося пазбавіцца ад цыгарэт, бо ён зразумеў, што не зможа вынесці іх. На відэа, апублікаваным памежнікамі, відаць, што мужчына выходзіць з лесу і ідзе па дарозе. Затым да яго пад’язджае пазадарожнік і адбываецца затрыманне. У гэты час з лесу, там жа, дзе выйшаў затрыманы, з’яўляюцца яшчэ два пагранічнікі з сабакам, якія відавочна ішлі па слядах кантрабандыста.
Адзначаецца, што ў тэлефоне затрыманага знайшлі каардынаты месца, дзе пазней былі канфіскаваны 1500 пачак цыгарэт NZ Gold.
Пазней быў злоўлены яшчэ адзін “калега” затрыманага.
У гэтым годзе пагранічнікі затрымалі ўжо 22 чалавекі за датычнасць да паветранай кантрабанды цыгарэт. Былі канфіскаваны 42 партыі, або амаль 113 тыс. пачак цыгарэт.