Літоўская паліцыя правяла рэйд супраць паветраных кантрабандыстаў цыгарэт

Літоўская паліцыя ў сераду правяла аперацыю супраць кантрабандыстаў, якія выкарыстоўваюць метэазонды для дастаўкі цыгарэт з Беларусі. Было праведзена 16 ператрусаў у жылых і гаспадарчых памяшканнях. Затрыманыя 5 чалавек.

Яны падазраюцца ў датычнасці да злачыннай арганізацыі, якая дзейнічае на тэрыторыі Алітускага, Друскінінкайскага, Варэнскага і Лаздзійскага раёнаў.

Адзначаецца, што сярод затрыманых меркаваныя лідары і стваральнікі арганізацыі.

“Ёсць падазрэнне, што кіраўнікі злачыннай арганізацыі падтрымлівалі прамыя кантакты з саўдзельнікамі, якія дзейнічалі ў Рэспубліцы Беларусь і пры спрыяльных метэаралагічных умовах арганізоўвалі цэнтралізаваны і масавы запуск паветраных шароў з кантрабандным грузам на тэрыторыю Літвы”, – гаворыцца ў паведамленні.

Накладзены арышт на маёмасць падазраваных, уключаючы аўтамабілі класа люкс.

Затрыманні ў сераду праведзеныя ў развіццё расследавання, якое вядзе Бюро крымінальнай паліцыі Літвы. У маі гэтага года ў выніку маштабнай аперацыі былі затрыманыя 27 чалавек у рамках гэтай справы.