Ліст разладу: за і супраць дыпламатыі з рэжымам

Адкрыты ліст шэрагу экс-палітвязняў да еўрапейскіх лідараў з заклікам дамагацца вызвалення закладнікаў беларускага рэжыму праз дыпламатыю чакана прывёў да радыкальнага расколу меркаванняў. У тым ліку сярод тых, хто сам выйшаў з-за кратаў дзякуючы закулісным перамовам.

Разварушыць гуманістаў

Я не абазнаны, на якіх падставах фармаваўся калектыўны зварот, каму прапаноўвалі падпісацца ў прыярытэтным парадку, а пра каго забыліся. Бо, не ў крыўду ініцыятарам, за выключэннем некалькіх прозвішчаў, бальшыня – асобы непублічныя. Не выключана, што хтосьці свядома адмовіўся, прагназуючы наступствы непазбежных разборак.

Калі звярнуліся да мяне, пагадзіўся, сыходзячы з меркаванняў выключна гуманітарных. Проста цяпер прэсуюць, накідваючы дадатковыя тэрміны, тым, з кім давялося прайсці праз катавальні ізалятараў – Аляксандр Францкевіч, Ігар Аліневіч, Андрэй Будай, Ціхан Осіпаў і яшчэ дзясяткі годных людзей у зоне смяротнай рызыкі. І чым далей адсоўваецца перспектыва іх вызвалення, тым болей шанцаў незваротных працэсаў – і фізічных, і псіхалагічных.

Асабіста для мяне не стаіць нейкі цывілізацыйны выбар: маўляў, заклік да актывізацыі знешняга ціску роўна здрада ідэалам дэмакратыі. Так, санкцыі робяць сваю справу, прымушаючы Лукашэнку і ягоных памагатых шукаць спосабы аслаблення эканамічных і палітычных путаў. Безумоўна, такім рычагом трэба карыстацца, бо гэта ці не адзіны аргумент, які разумее афіцыйны Мінск. Але ж ці ўсе інструменты задзейнічаныя?

На жаль, рэжым рэагуе так, як умее – захопам новых палонных, што ўжо ператварылася ў зачараванае кола гандлю жывым таварам за саступкі. Ці можна спыніць падобную ланцуговую рэакцыю? Як мінімум – паспрабаваць. У тым ліку з падключэннем еўрапейскіх эмісараў. Бо яшчэ не факт, што патэнцыйныя беларускія “партнёры” запляскаюць у ладкі ад задавальнення. Ды і невядома, як на гіпатэтычную “адлігу” адрэагуе Масква.

З іншага боку, няўжо гэта штосьці прынцыпова новае ў параўнанні з тым, што робіць каманда міратворца Джона Коўла? Тыя ж гандлёвыя саступкі з папраўкай на гвалтоўнае выдварэнне і немагчымасць вярнуцца на радзіму (верым, што часова). І ўспрымаецца збольшага з разуменнем: па-за кратамі эфектыўнасць калектыўнага розуму ў змаганні з тым жа рэжымам непараўнальна большая, чым пад кантролем 24/7.

Бо, па сутнасці, метады амерыканскай адміністрацыі гэтаксама спрэчныя, з выразным камерцыйным падтэкстам. Аднак сотні палітычных ужо на волі. Не без форс-мажору, бо нават мандат заакіянскіх візіцёраў не ратуе ад “кідалава”, як у апошні вераснёўскі прыезд – распішыцеся за 25 душ замест двух сотняў.

Праціўнікі дыпламатычных трэкаў спасылаюцца на досвед Украіны. Маўляў, задача Кіева – не вызваленне ваеннапалонных, а прымус акупанта да міру любой цаной. Вяртанне сваіх людзей дадому – гэта ўжо як бонус. Праўда, узаемныя абмены, якія раз-пораз адбываюцца на тэрыторыі Беларусі, як ні круці, а вынік перамоўнага працэсу. І нават трохбаковага, бо каб сабраць усіх зацікаўленых у нейтральным месцы, даводзіцца гаварыць у тым ліку з ведамствамі Церцеля і Рыжанкова.

Разбудзіць Еўропу

Што ж такога страшнага ўтрымліваецца ў лісце разладу? Ці варта жорсткая палеміка ўзаемных абвінавачанняў у наўмыснай здачы пазіцый?

«Мы заклікаем Еўрапейскі саюз стаць актыўным удзельнікам працэсу вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій у Беларусі, просім выкарыстоўваць для гэтага ўсе даступныя сродкі: дыпламатычныя каналы, перамоўныя фарматы, ціск і стымулы, публічную і закрытую працу. Няхай гэтыя намаганні будуць паслядоўнымі і скаардынаванымі, а вызваленне людзей стане пастаянным пунктам парадку дня ў любым кантакце з Мінскам і ў любых размовах пра будучыню адносін з Беларуссю.

Мы ўдзячныя амерыканскаму боку за тое, што дзякуючы яго дыпламатычным намаганням сотні людзей ужо выйшлі на волю. Але лічым, што Еўрасаюз у гэтым пытанні павінен заняць больш актыўную пазіцыю. Бо Беларусь — гэта частка Еўропы. Гэта ваш сусед».

Магчыма, спадзяванні крыху наіўныя, асабліва з улікам непаваротлівай еўрапейскай бюракратыі. Да таго ж, вынікам дзесяцігоддзяў расслабленасці стала тое, што Еўропа зараз сама пад пагрозай цывілізацыйнага злому. Адпаведна, вялікія шанцы, што ўсе тыя заклікі так і застануцца ў брусельска-страсбурскіх калідорах непачутым крыкам адчаю. Занадта і сваіх ўнутраных праблем, каб адцягвацца яшчэ на вечна гаротную Беларусь.

Бадай, найбольш рэзанансным стаў публічны адказ экс-палітвязня Эдуарда Пальчыса. Па яго словах, яму азнаёміцца з тэкстам не прапаноўвалі, адпаведна, і прозвішча ў пераліку і няма. Пры гэтым ён перакананы, што ў гэтай далікатнай тэме “няма аднабакова правільнага падыходу”.

“Я трохі не разумею наіўнасці ў лагеры тых, хто пастаянна шпурляе ў інфапрастору: “Начнем потихоньку снимать санкции, и всех выпустят…”. Не ведаю, якое эга ці тупасць павінна быць у галаве, каб думаць, што з вамі нехта проста так сядзе пра нешта дамаўляцца. Тым больш, калі не толькі ніякага сур’ёзнага рычагу ціску, а абсалютна траваядная пазіцыя.

Іншы момант: як вызваліць абсалютна ўсіх? І Аўтуховіча з яго людзьмі, і “рэйкавых партызан”, і ўсіх астатніх з вялікімі тэрмінамі. Сістэма стала настолькі непразрыстай, што мы можам не бачыць новых палітвязняў. І як спыніць новыя пасадкі? Машына рэпрэсій наладжана, яна хоча жэрці. Кадры набраны, бюджэты падпісаны, планы ўзгоднены. Трэба думаць наперад і пра астатнія 9 мільёнаў, якіх мы пакідаем у вялізнай калоніі БССР 2.0.

Можа ў кагосьці ёсць паралелі з эпохай 2008-2010 ці перыядам 2015-2020. Але гэта была эпоха ўмоўнай сусветнай стабільнасці, панавання ЗША і наратываў “правоў чалавека”. Пасля лютага 2022-га мы жывём у зусім іншым свеце. Я не бачу для рэжыму ніякіх падстаў рабіць “адлігу”.

Гэта сапраўды няпростае пытанне. Я сам адчуваю пачуццё віны, што мне пашанцавала быць на волі, а астатнім не. Так, мы павінны выцягнуць усіх – усіх да апошняга. Але я не хачу, каб усе нашыя ахвяры прывялі да таго, што лепшыя людзей краіны выкінуць без магчымасці вярнуцца, а пра новых палітвязняў ніхто нават не даведаецца”.

З тым, што тэма сама па сабе балючая і шматгранная, салідарныя практычна ўсе каментатары. Пры гэтым значная колькасць – самі былыя палітвязні. Хтосьці рэагуе даволі ваяўніча, нехта пры гэтым задумваецца, якія варта задзейнічаць механізмы ўціску на апрыёры недамоваздольныя ўлады.

“На 200% згодная, што іншыя людзі стаяць за гэтым лістом і ў іншых мэтах збіраюцца яго выкарыстоўваць. Ліст з’явіўся акурат напярэдадні пытання аб працягу санкцыйнай палітыкі Еўразьвязу – адказ на закід, нібы ў лісце няма закліку для зняцця санкцый. Ды і па спісе: да часткі з падпісантаў ёсць ну вельмі вялікія пытаннні ў плане бусек з рэжымам. Увогуле ўражанне, што падпісвалі многіх “уцёмную”, для саліднасці звароту”, – адрэагавала Паліна Шарэнда-Панасюк.

“Безадносна асобаў-арганізатараў лічу, што ліст добры і карысці ад яго нават калі не будзе, то і шкоды – дакладна. Са свайго боку адзіна мажлівым шляхам вызвалення людзей бачу СПАЧАТКУ ўзмацненне ціску, а потым ужо – перамовы. Перамовы тады, калі Лукашэнка сам адчуе ў саступках такую неабходнасць, што гатовы будзе на іх пайсці. Тады і прыйдзе час спынення рэпрэсій і вызвалення ўсіх. Але раней – наўрад ці”, – лічыць Мікола Дзядок.

“Дамаўляцца з Лукашэнкам, якога я ведаю, бадай, як мала хто іншы, можна толькі пад моцным ціскам на яго. Гэта, дзякуй Богу, добра разумее сёння і Еўразвяз. Бо цана пытання для Еўропы, акрамя ўсяго іншага – у тым ліку лёсу беларускіх палітзняволеных – вайна, якую вядзе ў якасці хаўрусніка Лукашэнка разам з Пуціным. Прычым не толькі супраць Украіны, але і супраць Захаду. Таму ўсё вельмі складана. Перамовы трэба весці, але не варта пры гэтым упадаць у наіўнасць”, – перакананы Аляксандр Ярашук.

Вырашыць дылему

Адна з ініцыятарак падобнага кроку, праваабаронца і экс-палітзняволеная Марфа Рабкова ў каментарыі для Reform.news перадусім патлумачыла, чаму пра існаванне ліста многія даведаліся са СМІ ці постфактум з гарачых абмеркаванняў у сацсетках.

“Галоўная прычына, чаму шмат хто даведаўся пра ліст з публікацый, палягае ў суровых рэаліях камунікацыі. Арганізаваць паўнавартаснае абмеркаванне сярод усіх былых вязняў амаль немагчыма тэхнічна, таму ініцыятывы часта фармуюцца вузкім колам на пачатковым этапе. Пры гэтым важна падкрэсліць наш прынцыповы падыход: мы ніколі не дзелім палітвязняў на «знакавых» і «нязнакавых». Пакуты ўсіх аднолькавыя. У падпісаным лісце ёсць як больш, так і менш медыйныя асобы, і зараз мы адкрыта прапануем далучыцца да звароту ўсім ахвотным былым палітвязням. Зразумець эмоцыі людзей можна, бо пытанне вызвалення чапляе кожнага асабіста. Аднак гэтая сітуацыя дэманструе паказнік складанай каардынацыі ў выгнанні, а не чыюсьці зламыснасць.

Што тычыцца магчымых крыўдаў, то паўтаруся: далучыцца можа кожны, у гэтым няма ніякіх праблем. У тым звароце мы ўсе роўныя ў сваім імкненні дапамагчы людзям і сваёй краіне — тут няма лідэраў і тых, каго вядуць.

Натуральна, сам зварот прадказальна агаліў прынцыповы раскід у поглядах на шляхі вызвалення нявольнікаў. Пазіцыя Эдуарда Пальчыса, які ставіць пад сумнеў эфектыўнасць такіх перамоваў, ці падыход Паліны Шарэнды («спачатку поўная ліквідацыя рэжыму, а ўжо пасля ўсё астатняе») адлюстроўваюць зразумелае імкненне да справядлівасці. Аднак менавіта тут праходзіць прынцыповая мяжа паміж палітычнымі амбіцыямі і праваабарончай этыкай.

Гэтым лістом мы толькі далі імпульс таму падыходу і погляду на праблему, які ўсё больш і больш абмяркоўваецца і ў асяроддзі эміграцыі, і ў турмах, і сярод сваякоў палітвязняў у Беларусі.

Фундаментальная сутнасць праваабароны палягае ў тым, што асобнае чалавечае жыццё заўсёды безумоўна важнейшае за любыя палітычныя разлікі і высокія ідэалы. Калі ратаванне людзей — асабліва тых, чыё здароўе пад пагрозай — прапануецца адкласці дзеля «захавання прынцыпаў» ці чакання зручнага моманту, гэта ўжо не прынцыповасць, а халодны і бязлітасны прагматызм. Праваабарончы абавязак патрабуе выкарыстоўваць усе магчымасці дзеля выратавання чалавека тут і цяпер, не вылічваючы палітычную мэтазгоднасць. Пакуль няма сіл, здольных у адзін момант змяніць сістэму, цаной чакання «паўнавартаснай перамогі» застаюцца страчаныя гады, здароўе і жыцці канкрэтных людзей”.

Марфа Рабкова звяртае ўвагу, што ў лісце адмыслова падкрэсліваецца: вызваленне закладнікаў беларускага рэжыму не павінна быць аднаразовай акцыяй, рэпрэсіі мусяць спыніцца як з’ява. Пакуль чалавечае жыццё нешта важыць, нічога не застаецца, як грукаць ва ўсе дзверы і задзейнічаць усе магчымыя рычагі.

“Нават калі еўрапейская бюракратыя марудзіць, а ў самой Еўропе хапае сваіх праблемаў, мы проста не маем права чакаць «ідэальнага моманту». Гэты ліст — не проста крык адчаю, гэта нагадванне пра банальны гуманітарны абавязак. Мы выдатна разумеем усе геапалітычныя расклады, але наша мэта — зрабіць так, каб пра вызваленне людзей папросту не забыліся. Тым больш, мы бачым, што працэсы ідуць, і прыклад амерыканскага трэку яскрава паказвае: вызваленне людзей праз дыпламатычныя намаганні — гэта рэальнасць, а не ілюзія”.

Пад лістом у структуры Еўразвязу на гэты момант крыху больш за сем дзясяткаў подпісаў. Агульная колькасць людзей, пакараных рэжымам за іншадумства, вымяраецца тысячамі. Многія ўжо вызваліліся пасля заканчэння тэрмінаў, асобных гвалтам выдварылі за межы краіны, а сотні яшчэ працягваюць цярпець у катавальнях за іншадумства.

***

Мнения и оценки автора могут не совпадать с мнением редакции Reform.news