Лідары сямі краін ЕС заклікалі не выдаваць візы беларускім і расійскім спартсменам

Лідары сямі краін Еўрасаюза заклікалі дзяржавы ЕС не выдаваць візы спартсменам з Беларусі і Расіі для ўдзелу ў спаборніцтвах. Пра гэта гаворыцца ў лісце ад 23 лістапада, адрасаваным старшыні Еўрапейскага савета Антоніу Кошце і старшыні Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен. Копію дакумента апублікавала Politico.

«Прызнаючы паўнамоцтвы дзяржаў у гэтай сферы, мы таксама заклікаем краіны ЕС не выдаваць візы расійскім або беларускім спартсменам, паколькі такія візы дазволілі б ім удзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах па ўсім Еўрасаюзе», — гаворыцца ў лісце.

Зварот падпісалі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і шэсць прэм’ер-міністраў — Метэ Фрэдэрыксэн (Данія), Крыстэн Міхал (Эстонія), Петэры Орпа (Фінляндыя), Андрыс Кулбергс (Латвія), Дональд Туск (Польшча) і Ульф Крыстэрсан (Швецыя).

Аўтары ліста нагадалі, што напярэдадні зімы Расія ўзмацніла ўдары па мірных жыхарах і жыццёва важнай інфраструктуры Украіны. Паводле іх ацэнкі, допуск расійскіх каманд і спартсменаў да еўрапейскіх спаборніцтваў Крэмль успрыняў бы як перамогу.

«Даўшы расійскай дзяржаве магчымасць выстаўляць удзельнікаў на міжнародныя спаборніцтвы, мы рызыкуем даць зразумець, што паступова мірымся з расійскай агрэсіўнай вайной. Аддзяліць спорт ад геапалітыкі папросту немагчыма», — пішуць лідары сямі краін.

Яны спаслаліся на высновы Еўрапейскага савета, згодна з якімі да ўсталявання справядлівага і трывалага міру ва Украіне не павінна быць нармалізацыі ўдзелу Расіі і Беларусі ў міжнародных спартыўных і культурных мерапрыемствах, асабліва з выкарыстаннем дзяржаўнай сімволікі. «Прыйшоў час прымяніць гэтую пазіцыю на практыцы», — заявілі падпісанты.

Асобная прапанова да Еўракамісіі датычыцца грамадзян Расіі. Аўтары хочуць, каб у рэкамендацыях па разглядзе візавых заяў расіян, якія рыхтуюцца, было дакладна ўказана, як краінам ЕС абмяжоўваць неабавязковыя паездкі, у тым ліку для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах. Гэтыя абмежаванні лідары прапануюць замацаваць і ў абноўленым Візавым кодэксе ЕС. Праект чакаецца не раней за першы квартал 2027 года, а чакаць уступлення новых правілаў у сілу падпісанты лічаць занадта доўгім.

Лідары сямі краін маюць намер выкласці сваю пазіцыю на найбліжэйшым пасяджэнні Еўрапейскага савета.