Фото: Facebook Миндаугаса Синкявичюса
Старшыня кіроўнай Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Міндаўгас Сінкявічус дапускае пачатак дыялогу з афіцыйным Мінскам, аднак, паводле яго слоў, ён магчымы толькі пасля падаўжэння еўрапейскіх санкцый. Таксама палітык бачыць перадумовы для перагляду знешняй палітыкі ў дачыненні да Беларусі.
«Я думаю, што толькі тады мы зможам вярнуцца да гэтага пытання», — сказаў ён у эфіры Žinių radijas.
Меркаваная сустрэча зусім не абавязкова можа праходзіць на ўзроўні намесніка міністра замежных спраў, піша LRT.
«Сустрэча і размова, калі гаварыць гіпатэтычна, могуць быць самага рознага характару. Літва можа выказаць сваё незадавальненне з нагоды паветраных шароў, з нагоды гібрыдных атак — такім можа быць змест размовы. Змест гутаркі можа быць і іншым», — дадаў Сінкявічус.
Ён таксама сумняваецца, што падобныя перамовы могуць адбыцца ў бліжэйшыя тыдні.
«Ці варта разглядаць такую сустрэчу ўжо цяпер — у лютым або сакавіку, я сумняваюся. Але сказаць, што гэта абсалютнае табу ў перспектыве, я не магу. (…) Увогуле дыпламатыя і знешняя палітыка — гэта пра размову. Не пра маўчанне і не пра нешта іншае, а менавіта пра размову: нават калі ты выказваеш сваю пазіцыю, не атрымліваеш пазітыўнай ацэнкі, магчыма, сварышся, абменьваешся пазіцыямі і разыходзішся», — дадаў ён.
Разам з тым Сінкявічус лічыць, што ёсць перадумовы для перагляду палітыкі папярэдняга ўрада.
«Мы павінны бачыць больш шырокую карціну: рашэнні Еўрапейскага саюза, нацыянальныя рашэнні, інтарэсы Амерыкі. Таму што гэта не карціна аднаго пытання — яна не адлюстроўвае ўвесь спектр звязаных тэм», — сказаў ён.
Палітык падкрэсліў, што на першым месцы павінна быць нацыянальная бяспека, а эканамічныя пытанні, уключаючы транзіт угнаенняў, знаходзяцца на другім плане.
«А эканамічныя пытанні — угнаенні, транзіт і ўсё астатняе — гэта ўжо другасны план. Кампанент бяспекі з’яўляецца ключавым, паколькі менавіта з-за пытанняў бяспекі, з-за ўдзелу Мінска ў агрэсіі супраць Украіны былі ўведзены санкцыі. Пытанне ў тым, як гэтыя санкцыі змянілі функцыянаванне Беларусі, як не змянілі, ці трэба іх узмацняць або ж замяняць дыялогам», — паразважаў ён, адзначыўшы, што сацыял-дэмакраты не «паварочваюцца да ўсходняга сонца» і захоўваюць трансатлантычны курс.