Парк высоких технологий (ПВТ), г. Минск / www.pokatashkin.com
Сталі вядомыя назвы і напрамкі работы 31 кампаніі, рэгістрацыю якіх у якасці рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій ухваліў Назіральны савет ПВТ. Пасяджэнне савета пад старшынствам прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына адбылося 17 верасня.
Напярэдадні начальнік сакратарыята Назіральнага савета ПВТ Ганна Рабава паведамляла, што савет разглядае заяўкі больш як 30 кампаній. Паводле яе слоў, толькі невялікая частка прэтэндэнтаў працуе па заказной мадэлі, тады як астатнія выкарыстоўваюць прадуктовую або змешаную мадэль.
Як паведамілі сёння ў прэс-службе ПВТ, сярод ухваленых кампаній ёсць праекты ў сферы лічбавай аховы здароўя. Так, УП «КАРДИАН» зоймецца распрацоўкай і вытворчасцю дыягнастычнага абсталявання кардыялагічнага профілю, уключаючы апаратную і праграмную апрацоўку электракардыясігналаў. ТАА «ОМОП-ФОРИЯ» будзе распрацоўваць праграмныя прадукты для работы з біямедыцынскімі данымі, фармаканагляду і аналітыкі Real-World Evidence.
У прамысловай аўтаматызацыі будуць працаваць ЗАТ «Миротек Инжиниринг», якое створыць праграмна-апаратныя комплексы для апрацоўкі і ўпакоўкі прадукцыі ў сельскай гаспадарцы, і ТАА «АТЗ Софтворкс» з MES-платформай для кіравання вытворчымі працэсамі прадпрыемстваў малочнай прамысловасці.
ТАА «Найнсевен» засяродзіцца на e-commerce-рашэннях для буйнога рытэйлу, а ТАА «Твикки Лаб» будзе распрацоўваць высоканагружаныя сістэмы відэакамунікацый з выкарыстаннем машыннага навучання.
Сярод новых рэзідэнтаў ёсць таксама праекты з крэатыўнай індустрыі. ТАА «ПЛАТУПУС ЕНТЕРТЕЙНМЕНТ» працуе над камп’ютарнай гульнёй у жанры кааператыўнага экшэна rogue-lite survival. ТАА «Первый семейный портал» стварае лічбавую платформу для бацькоў, якая аб’яднае каталог тавараў, афішу мерапрыемстваў і сэрвісы спецыялістаў. ТАА «Левелпро» распрацоўвае AI SaaS-платформу-агрэгатар нейрасетак.
Яшчэ адзін новы рэзідэнт, ТАА «Вандэфул Медиа», займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння для асабістага медыцынскага кабінета, а таксама рашэнняў для ўліку аўтамабільных запчастак.
Акрамя таго, Назіральны савет уключыў адытыўныя тэхналогіі ў пералік відаў дзейнасці ПВТ. Як патлумачыла Рабава, 3D-друк прадугледжвае не толькі выкарыстанне абсталявання, але і распрацоўку спецыялізаванага праграмнага забеспячэння для новых вытворчых працэсаў.
«Адытыўныя тэхналогіі — вельмі каштоўны інструмент, адаптаваны пад інавацыйную вытворчасць. Пад яго пішацца софт, закладваюцца праграмы, якія дазваляюць апрабаваць зусім новыя тэхпрацэсы», — адзначыла Рабава.
Акрамя таго, на пасяджэнні абмяркоўвалася крыптасфера. Паводле слоў першага намесніка начальніка сакратарыята Назіральнага савета Дзмітрыя Калечыца, выручка, экспарт, абарот і падатковыя паказчыкі крыптарэзідэнтаў у першым паўгоддзі 2026 года выраслі больш чым у два разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Назіральны савет пашырыў з 2 да 7 пералік аўдытарскіх кампаній, якія могуць працаваць з крыптарэзідэнтамі. Для штогадовай справаздачнасці такіх кампаній таксама ўводзяцца дадатковыя патрабаванні, уключаючы звесткі аб адпаведнасці бізнес-працэсаў заканадаўству.