Фото: saeima.lv
Сейм Латвіі 29 кастрычніка ў канчатковым чытанні прыняў папраўкі да Закона аб Дзяржаўнай памежнай ахове і Крымінальна-працэсуальнага закона, якія пашыраюць паўнамоцтвы памежнікаў па абароне памежнай інфраструктуры ад гібрыдных атак.
Згодна з папраўкамі, памежнікі змогуць прымяняць фізічную сілу, спецыяльныя прыёмы барацьбы, спецсродкі і зброю, а таксама выкарыстоўваць службовых сабак для адбіцця нападаў на ахоўныя аб’екты памежнай службы і інфраструктуры дзяржаўнай мяжы. У выпадках, калі папярэдзіць аб выкарыстанні зброі немагчыма, памежнікі змогуць прымяняць яе без папярэджання. Раней такія паўнамоцтвы для адбіцця нападаў на названыя аб’екты наўпрост не прадугледжваліся заканадаўствам.
Старшыня камісіі Сейма па абароне Райманд Бергманіс заявіў, што абарона дзяржаўнай мяжы і памежнай інфраструктуры важная для тэрытарыяльнай цэласнасці Латвіі. Паводле яго слоў, папраўкі дазволяць памежнікам аператыўна спыняць парушэнні і абараняць бяспеку краіны.
«У цяперашні час на знешняй мяжы дзяржавы ідзе гібрыдная вайна. Недатыкальнасць дзяржаўнай мяжы і абарона яе інфраструктуры — найважнейшыя складнікі тэрытарыяльнай цэласнасці Латвіі. Прыняўшы гэтыя заканадаўчыя папраўкі, мы ўмацоўваем здольнасць памежнікаў аператыўна спыняць парушэнні і абараняць бяспеку Латвіі», — падкрэсліў ён.
Таксама закон прадугледжвае, што ў выпадку ранення або гібелі чалавека ў выніку прымянення зброі памежная ахова павінна неадкладна, але не пазней чым на працягу 24 гадзін, паведаміць пра гэта пракуратуры.
Папраўкі да Крымінальна-працэсуальнага закона ўстанаўліваюць, што злачынствы, учыненыя памежнікамі пры выкананні абавязкаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму аховы мяжы, будуць расследаваць упаўнаважаныя службовыя асобы Дзяржаўнай памежнай аховы.
Рашэнне аб пашырэнні магчымасці прымянення сілы было прынята пасля інцыдэнту на беларуска-латвійскай мяжы ў пачатку кастрычніка, калі людзі ў масках гналі да мяжы групу мігрантаў і пагражалі латвійскім памежнікам прадметам, падобным да зброі. Затым людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі размеркавальную шафу, скралі камеры назірання і схаваліся ў Беларусі да прыбыцця латвійскіх памежнікаў.
Пазней адказнасць за інцыдэнт узяла на сябе малавядомая група «Чорныя русы». Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі пачала крымінальны працэс па факце стварэння злачыннай арганізацыі.