Латвійская пракуратура: мігрантаў прымушаюць пашкоджваць памежную інфраструктуру

Мігрантаў, якія хочуць трапіць з Беларусі ў ЕС праз латвійскую мяжу, прымушаюць пашкоджваць інфраструктуру, калі яны не аплацілі пераход праз мяжу. Пра гэта праграме латвійскага тэлебачання LTV De facto заявіў пракурор дэпартамента абароны дзяржаўнай бяспекі Генпракуратуры Андрыс Аляксееўс, перадае LSM.

«У гэтым крымінальным працэсе ёсць абгрунтаваныя падазрэнні, што службовыя асобы беларускай памежнай аховы датычныя да арганізацыі нелегальнай міграцыі і разам з тым пашкоджваюць нашу інфраструктуру, каб спрыяць учыненню злачынства», – сказаў ён.

Паводле інфармацыі латвійскай памежнай службы, сёлета ўжо зарэгістравана больш за 60 выпадкаў пашкоджання памежнай інфраструктуры. Гаворка ідзе пра размеркавальныя шафы, відэакамеры і інш. Летась такіх выпадкаў было 23.

Паводле слоў Аляксееўса, мігранты павінны заплаціць каля 5 тыс. долараў за “паслугі” па пераходзе мяжы. Разлікі, як правіла, праводзяцца ў крыптавалюце. Маршрут пралягае праз Расію ў Беларусь, а далей у лагеры каля мяжы, дзе мігранты чакаюць сігналу да пераходу. У такіх лагерах яны могуць правесці некалькі дзён, а ў асобных выпадках – месяцы.

«Іх рэгулярна наведваюць службовыя асобы ў форме, якія выстройваюць людзей у чаргу і па фотаздымках правяраюць, ці заплацілі яны за незаконнае перасячэнне мяжы.

Калі чалавек не заплаціў, у яго ёсць выбар: альбо яго адпраўляюць псаваць нашу інфраструктуру, альбо яму наносяць цялесныя пашкоджанні ці неяк інакш катуюць, каб ён пагадзіўся пайсці псаваць інфраструктуру Латвійскай Рэспублікі», – распавёў Аляксееўс.

З ліпеня гэтага года Генпракуратура Латвіі вядзе справу аб стварэнні злачыннай арганізацыі з мэтай учынення асабліва цяжкіх злачынстваў супраць Латвійскай дзяржавы. Сабраныя падчас расследавання доказы пацвярджаюць, што мігранты дакладна ведаюць, дзе і што трэба пашкодзіць, і ўсё адбываецца літаральна за некалькі секунд. У іх з сабой інструменты, нажоўкі па метале. Пасля пашкоджання інфраструктуры яны вяртаюцца на тэрыторыю Беларусі.

Намеснік начальніка Дзяржпамежаховы Іварс Рускуліс лічыць, што мігранты самі не змаглі б спланаваць такія дзеянні.

«Усё супрацьдзеянне, дэструктыўныя і шкодніцкія дзеянні, а таксама дзеянні, якія пагражаюць нашым супрацоўнікам, у асноўным звязаныя з тым, што мігрантаў не ўдаецца пераправіць праз мяжу. Тады спыняецца бізнес крымінальнага асяроддзя, якое ўцягнута ва ўсё гэта супрацоўніцтва. Над гэтым працуюць і нашы аператыўныя супрацоўнікі, і следчыя, якія вельмі актыўна ўзаемадзейнічаюць з Еўраполам. Расследаванне ідзе на міжнародным узроўні», – сказаў ён.

У матэрыяле таксама адзначаецца, што пасля таго, як непасрэдна на мяжы стала больш латвійскіх службоўцаў, мігрантаў сталі забіраць у 20-30 км ад яе. Акрамя таго, мяняюцца маршруты. Цяпер іх часцей вязуць не ў Германію, а ў напрамку Эстоніі, Фінляндыі і Швецыі.

«Трэба ўлічваць, што гэта не нейкая дробная нацыянальная справа! Я бачу, што да нас прыходзіць вельмі шмат груповак міжнародных злачынных арганізацый, якія, магчыма, нават не ведаюць, што супрацоўнічаюць з беларускімі службовымі асобамі», – дадаў Аляксееўс.