Фото: Lutz Wernitz, unsplash.com
Латвійская чыгунка павысіла плату за транзіт збожжа з Беларусі і Расіі толькі на 25%, хоць Сейм краіны заклікаў да трохразовага павышэння. Пра гэта піша LSM.
У самім законе, накіраваным на абмежаванне транзіту, не было прамой нормы аб 300-працэнтным павышэнні. Гэта засталося толькі заклікам урада да даччынага прадпрыемства ЛЧ кампаніі LatRailNet. Аказалася, што такое павышэнне немагчымае.
«Пры вызначэнні платы за інфраструктуру мы, зразумела, старанна разгледзелі заклік прэм’ер-міністра павысіць яе на 300%. Але, з іншага боку, мы працуем у прававым полі Еўрапейскага саюза», — патлумачыла кіраўніца LatRailNet Юсціна Худэнка.
Паводле яе слоў, еўрапейскае заканадаўства патрабуе ўстанаўліваць плату за карыстанне інфраструктурай зыходзячы з выдаткаў на яе ўтрыманне. У выніку тарыфы ў сярэднім былі павышаныя на 25%. Пры гэтым адзначаецца, што трохразовае павышэнне было б эканамічна непасільным і прывяло б да істотнага скарачэння або спынення грузапатоку, а таксама суправаджалася б рызыкай распачынання справы аб парушэнні заканадаўства ЕС у дачыненні да Латвіі.
Паводле ацэнкі выдання, выдаткі на транзіт збожжа для грузаадпраўшчыкаў складаюць ад 25 да 30 еўра за тону. Пры гэтым павелічэнне тарыфаў не павысіла гэтыя выдаткі ў разліку на тону нават на адзін еўра.
Паводле даных мытні Службы дзяржаўных даходаў (СДД), да 6 кастрычніка праз Латвію было перавезена 888 тыс. тон расійскіх і беларускіх збожжавых. Гэта на 36,3% больш, чым за ўвесь 2025 год, калі аб’ём склаў 652 тыс. тон.