Сёння ноччу Латвія і Эстонія аб’яўлялі паветраную трывогу.
У Латвіі трывога аб’яўлялася двойчы, спачатку каля дзвюх гадзін ночы ў Лудзенскім краі, а затым каля чатырох раніцы ў Алуксненскім краі.
Як паведамляе LSM са спасылкай на Нацыянальныя ўзброеныя сілы, у паветраную прастору Латвіі заляцеў беспілотнік, які затым накіраваўся ў Эстонію.
У Эстоніі паветраная трывога аб’яўлялася на тэрыторыі васьмі паветаў. Як паведамляе ERR, дроны рухаліся ўздоўж усходняй мяжы Эстоніі і Латвіі, а некаторыя з іх увайшлі ў паветраную прастору Эстоніі.
У абедзвюх краінах у паветра падымалі знішчальнікі краін НАТА, якія ўдзельнічаюць у патруляванні паветранай прасторы Балтыі.
Трэба адзначыць, што сёння губернатар Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандр Драздзенка заявіў пра паражэнне ў рэгіёне некалькіх дзясяткаў беспілотнікаў. Пры гэтым, паводле яго слоў, у выніку атакі дронаў ёсць пашкоджанні ў партовай зоне Усць-Лугі, узнік пажар.