Латушка прадставіў МЗС Нідэрландаў канцэпцыю круглага стала ў Беларусі

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка прадставіў у МЗС Нідэрландаў канцэпцыю правядзення круглага стала ў Беларусі.

На сустрэчы прысутнічалі дырэктар Дэпартамента Еўропы нідэрландскага МЗС Ёанэке Балфорці прадстаўнік АПК па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка.

Латушка заклікаў Нідэрланды працягваць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі і прытрымлівацца агульнай пазіцыі Еўрасаюза, выкладзенай у заключэннях ЕС за 2024 год, паведамляе АПК.

На сустрэчы было адзначана, што падстаў для змены санкцыйнай палітыкі няма, паколькі ва ўнутранай і знешняй палітыцы Беларусі не адбылося змен. Латушка звярнуў увагу, што ў Беларусі працягваюцца парушэнні правоў чалавека, а колькасць палітвязняў не змяншаецца.

Бакі абмеркавалі падтрымку Нідэрландамі незалежных СМІ, праваабарончых арганізацый і культурнай сферы. Прадстаўніца нідэрландскага МЗС заявіла, што гэтая падтрымка будзе працягвацца.

Латушка расказаў пра працу НАУ з міжнароднымі партнёрамі па прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Ён таксама падкрэсліў важнасць стварэння Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны, штаб-кватэру якога плануецца размясціць у Гаазе.

Таксама абмяркоўвалася праца беларускай дэлегацыі ў ПАСЕ ў кантэксце будучага старшынства Нідэрландаў у Савеце Еўропы. Бакі дамовіліся развіваць супрацоўніцтва ў рамках гэтай арганізацыі.

Латушка прадставіў канцэпцыю круглага стала з Беларуссю, прынятую АПК, Каардынацыйным саветам і Палітычнай канферэнцыяй «Новая Беларусь», і падкрэсліў, што яна цалкам адпавядае заключэнням Еўрапейскага савета за 2024 год.