Лаўроў заявіў, што Расія не будзе рабіць паўзу ў вайне дзеля перамоў

Расія не мае намеру рабіць паўзу ў ваенных дзеяннях на час перамоў з Украінай у любым фармаце. Пра гэта кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў заявіў на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН па Украіне 23 верасня, піша ТАСС.

«Навучаныя горкім досведам, мы не будзем на перыяд перамоў у любым фармаце рабіць паўзу ў “спецыяльнай ваеннай аперацыі», — прыводзіць агенцтва яго словы.

На яго думку, еўрапейскія краіны хочуць дамагчыся такой паўзы, каб атрымаць час для папаўнення ваенных запасаў Украіны.

«Хоць Еўропа хоча менавіта гэтага, усё з той жа няхітрай мэтай атрымаць перадышку і папоўніць знясіленыя ваенныя арсеналы кіеўскага рэжыму, які ад безвыходнасці ўжо даўно перайшоў на адкрыта тэрарыстычныя метады», — заявіў ён.

Нагадаем, Украіна заявіла пра гатоўнасць да поўнага, неадкладнага і безумоўнага спынення агню і заклікала Расію зрабіць тое ж самае. Сумесную заяву падпісала 51 краіна — член ААН. Падпісанты заклікалі Расію спыніць агрэсію, пагадзіцца на спыненне агню і паўнавартасна ўдзельнічаць у перамовах для дасягнення ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру.

Яны таксама заклікалі забяспечыць неадкладнае, бяспечнае і поўнае вяртанне ва Украіну ўсіх адвольна затрыманых, прымусова перамешчаных або дэпартаваных украінскіх грамадзянскіх асоб, уключаючы дзяцей.