Лаўроў паскардзіўся Рубіа на ўдары Украіны па РФ

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў і дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа 23 верасня сустрэліся ў Нью-Ёрку ў кулуарах тыдня высокага ўзроўню 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Як паведамілі ў расійскім МЗС, бакі правялі «грунтоўны абмен меркаваннямі па шырокім коле пытанняў двухбаковага і міжнароднага парадку дня ў развіццё нядаўніх кантактаў на вышэйшым узроўні».

Гаворачы пра расійска-ўкраінскую вайну, Лаўроў заявіў пра «цесную каардынацыю» Кіева з еўрапейскімі краінамі. На сустрэчы абмяркоўваліся ўдары Украіны па Расіі. Паводле слоў кіраўніка расійскага МЗС, гэта вядзе да «дэстабілізацыі сусветных энергетычных рынкаў».

«Пацверджана безумоўная прыхільнасць расійскага боку да дасягнення мэт спецыяльнай ваеннай аперацыі, у тым ліку шляхам палітыка-дыпламатычнага ўрэгулявання канфлікту на аснове ліквідацыі яго першапрычын», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Лаўроў і Рубіа закранулі сітуацыю на Блізкім Усходзе, у Закаўказзі, Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне. Акрамя таго, абмяркоўвалася падрыхтоўка да мерапрыемстваў G20, якія павінны прайсці да канца года.

Таксама гаворка ішла пра стан расійска-амерыканскіх адносін. Масква заявіла пра неабходнасць іх найхутчэйшага паляпшэння ў адпаведнасці з дамоўленасцямі Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна. У прыватнасці, згадваліся эканамічнае супрацоўніцтва, культурна-гуманітарныя абмены, спрашчэнне ўзаемных паездак і кантакты паміж грамадзянамі.

«Зразумела, гэта прадугледжвае сумленны дыялог аб ліквідацыі «раздражняльнікаў» і пераводзе функцыянавання дыпламатычных місій дзвюх краін у нармальны рэжым, уключаючы вяртанне дэ-факта канфіскаванай расійскай уласнасці ў ЗША», — заявілі ў МЗС РФ.

Бакі дамовіліся працягнуць кантакты па ўсіх пытаннях, якія абмяркоўваліся, па лініі знешнепалітычных ведамстваў.