Сергей Лавров. Фото: МИД РФ
Расійскія кампаніі выціскаюць з Венесуэлы. Пра гэта ў інтэрв’ю RT заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.
“Нас адкрыта спрабуюць, нашы кампаніі, спрабуюць з Венесуэлы прыбраць”, — сказаў ён.
Варта адзначыць, што ўжо пасля затрымання Нікаласа Мадуры «Росзарубежнефть» заяўляла, што працягвае працаваць у Венесуэле.
Лаўроў таксама адзначыў, што санкцыі ЗША супраць «Лукойла» і «Роснефти» сталі для Масквы нечаканасцю.
“Гэтыя санкцыі, яны ўсе застаюцца. Больш за тое, упершыню былі ўведзеныя новыя санкцыі, вельмі жорсткія, супраць нашых найбуйнейшых нафтавых кампаній «Лукойл» і «Роснефть». Адбылося гэта праз пару-тройку тыдняў пасля сустрэчы ў Анкарыджы”, — сказаў ён.
“Прэзідэнт здзівіўся. Ён пра гэта неяк сказаў у інтэрв’ю. Мы яшчэ раз разышліся. Бо гаворка ж пра тое, што Расія падтрымала прапанову Злучаных Штатаў аб урэгуляванні, комплексным урэгуляванні ўкраінскага крызісу. І пасля гэтага мы чакалі, што ЗША пацвердзяць тое, што, маўляў, цяпер, паколькі вы згодныя з нашай прапановай, давайце нешта абвяшчаць, канферэнцыю склікаць, нешта падпісваць, савет міру… Але раптам адбыліся санкцыі супраць «Лукойла» і «Роснефти»”, — працягнуў ён.
Лаўроў звярнуў увагу на тое, што расійскія энергарэсурсы таксама спрабуюць выціскаць з рынку.
“Індыі забараняюць купляць расійскую нафту, прынамсі, так было абвешчана. Яе ўсім забараняюць купляць — і нафту, і газ. І паўсюль гаворыцца: расійскую нафту і расійскі газ заменіць амерыканская нафта, амерыканскі звадкаваны прыродны газ”, — сказаў ён, дадаўшы, што нядаўна ЗША прынялі меры і супраць Кубы.
“Ну, неяк адносна светлай будучыні нашага эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва гэта ўсё не вельмі, не вельмі з гэтым стасуецца”, — канстатаваў міністр.