Фото: x.com/OFMUAE
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер назваў умову, пры якой Дональд Трамп гатовы надаць Украіне гарантыі бяспекі паводле ўзору артыкула 5 дагавора аб НАТА, які прадугледжвае права на калектыўную абарону. Паводле слоў Кушнера, гэта магчыма, калі Трамп будзе ўпэўнены ў нізкай верагоднасці новага канфлікту.
“Гаворка ідзе пра адны з самых сур’ёзных абавязацельстваў, якія могуць узяць на сябе Злучаныя Штаты, таму яны патрабуюць самага дбайнага разгляду.
Любы варыянт гарантый павінен быць ухвалены прэзідэнтам Трампам з захаваннем канстытуцыйных працэдур і пры ўдзеле Кангрэса. Прэзідэнт пайшоў бы на такі крок толькі ў тым выпадку, калі б быў перакананы, што гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Амерыкі, а агульная сістэма бяспекі робіць верагоднасць фактычнага прымянення гэтых гарантый вельмі нізкай”, – напісаў ён у Х.
Кушнер таксама адзначыў, што гатоўнасць Трампа разгледзець магчымасць надання такіх гарантый з’яўляецца найважнейшай умовай для дасягнення трывалага міру.
“Гатоўнасць Расіі абмяркоўваць такія гарантыі — гэта значны крок наперад, які можа сведчыць пра сур’ёзнасць яе намераў у дачыненні да міру”, – дадаў ён.
Паводле яго слоў, менавіта з-за сур’ёзнасці гарантый пытанні бяспекі Украіны нельга вырашаць у адрыве ад пасляваеннай архітэктуры еўрапейскай бяспекі.
“Мы імкнёмся да будучыні, у якой Украіна знаходзіцца ў бяспецы, Еўропа становіцца мацнейшай, Расія ўпэўненая ў тым, што НАТА не імкнецца да канфрантацыі, а НАТА і яе партнёры ўпэўненыя, што Расія будзе паважаць суверэнітэт і бяспеку сваіх суседзяў. Для гэтага неабходныя ясныя заявы пра намеры, падмацаваныя надзейнымі і правяральнымі абавязацельствамі. Любая сістэма павінна захоўваць суверэнітэт і незалежнасць прыняцця рашэнняў усімі дзяржавамі, якія ўдзельнічаюць”, – патлумачыў ён.
Трэба адзначыць, што намеснік міністра замежных спраў РФ Сяргей Рабкоў яшчэ ў пятніцу назваў непрымальным для расійскага боку “знаходжанне нават формулы квазічленства ў НАТА для Кіева і пошукі нейкага, у двукоссі, крэатыўнага рашэння ў гэтай сферы”.
“Мы гарантыі бяспекі абмяркоўваем перш за ўсё ў праламленні да забеспячэння бяспекі нашай уласнай краіны, і пра гэта вядзём гаворку”, – патлумачыў ён.