«Куплю ў растэрміноўку на тысячу гадоў». Мінчанка знайшла навагоднюю цацку за 10 200 рублёў

Мінчанка падзялілася знаходкай з ГЗЦ Galleria. У салоне «Сквирел» яна ўбачыла футравых суркоў у чырвоных шаліках, з яловымі галінкамі і званочкамі – наймілейшае ўпрыгажэнне навагодняга стала па 10 200 рублёў за штуку ($3400 па курсе Нацбанка).

«Думаю прыкупіць у растэрміноўку на тысячу гадоў. Пастаўлю на навагодні стол паміж імітацыяй ікры за 5 рублёў і бутэлечкай Савецкага Шампанскага за 15», – іранізуе аўтар поста nastasja_smile і пытаецца ў карыстальнікаў Threads, як адысці ад гэтага візуальна-фінансавага ўзрушэння.

«Позірк у іх нейкі пусты», – адзначыў адзін з каментатараў. Аўтар поста выказала здагадку, што гэта пагарда.

10 200 рублёў – гэта больш за тры сярэднямесячныя заробкі па краіне да выліку падаткаў. А самым эфектыўным работнікам склада Wildberries, дзеля працаўладкавання на які мінчукі стаяць у начных чэргах, давялося б аддаць не менш за два месячныя заробкі на куплю аднаго такога сурка.

Крама «Сквирел» у ГЦ Galleria спецыялізуецца на прэміяльным посудзе, сталовых прыборах, хатнім тэкстылі, сувенірах і статуэтках ручной работы ад еўрапейскіх брэндаў. Мяркуючы па анлайн-каталогу, размешчаным на сайце салона, суркі дарагія нават для яго прэміяльнага асартыменту: паўмятровы «Санта з трусамі» тут прадаецца за 2080 рублёў, «Алень з пасярэбранымі рагамі» — за 825 рублёў.