Кубракоў заклікаў супрацоўнікаў ДАІ памятаць пра гатоўнасць прымяніць зброю

Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў заклікаў супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі быць гатовымі пры неабходнасці прымяніць зброю. Пра гэта ён заявіў падчас інструктажу супрацоўнікаў ДАІ.

«Любая рызыка павінна быць апраўданая. Важная і гатоўнасць, у выпадку неабходнасці, прымяніць зброю. Беражыце сябе – гэта галоўнае. А ў астатнім, я ўпэўнены на 150%, парадак мы навядзём!», – прыводзіць яго словы прэс-служба МУС.

Кіраўнік ведамства таксама запатрабаваў фіксаваць любыя супрацьпраўныя дзеянні грамадзян у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку пагрозы.

« Нікога не бойцеся – вы прадстаўляеце Закон! Наш прэзідэнт часта кажа: паступайце па законе, і ўсё будзе добра. А я, як кіраўнік МУС, заўсёды буду вас абараняць!» – сказаў ён.

Інструктаж прайшоў на базе УУС Мінаблвыканкама з удзелам кіраўніцтва ГУ ДАІ МУС, спецпадраздзялення ДПС «Страла» і абласной Дзяржаўтаінспекцыі. Кіраўнікі рэгіянальных падраздзяленняў атрымалі даручэнні па відэасувязі.

Кубракоў даручыў узмацніць кантроль за выкананнем правілаў дарожнага руху, у тым ліку з выкарыстаннем Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Пад асаблівы кантроль павінны трапіць пешаходныя пераходы, асноўныя скрыжаванні і выезды з буйных населеных пунктаў.

“Рэагуйце аператыўна! Ужывайце змешанае патруляванне з выкарыстаннем грамадзянскіх аўтамабіляў. Прыярытэтамі застаюцца выяўленне нецвярозых вадзіцеляў і беспраўнікаў, іншых грубых парушэнняў”, – заявіў ён.

Кіраўнік МУС таксама заявіў аб неабходнасці справядлівага падыходу да пакарання вадзіцеляў. Паводле яго слоў, за нязначныя парушэнні не варта пазбаўляць права кіравання, асабліва калі ад гэтага залежыць працоўная дзейнасць чалавека. У той жа час да грубых парушальнікаў неабходна ўжываць жорсткія меры.

Паводле даных МУС, за мінулы тыдзень у ДТЗ на дарогах Беларусі загінулі 15 чалавек. У сувязі з гэтым Кубракоў даручыў прааналізаваць прычыны аварый і распрацаваць дадатковыя меры па зніжэнні аварыйнасці.

Нагадаем, з 12 па 22 лістапада супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі па ўсёй краіне пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым нясення службы.

Фота: t.me/pressmvd