Иван Кубраков. Фото: МВД
Кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў на пасяджэнні Савета міністраў унутраных спраў краін СНД звярнуў увагу калег на выкарыстанне метэазондаў, паведамляе прэс-служба МУС.
Пры дапамозе метэазондаў наркадылеры перакідваюць наркотыкі з Польшчы ў Беларусь для транзіту ў Расію, заявіў Кубракоў.
«У бягучым годзе мы сутыкнуліся з новым спосабам незаконнага перамяшчэння буйных партый праз заходнія рубяжы нашай краіны — з выкарыстаннем паветраных метэазондаў, абсталяваных сістэмамі геалакацыі і мабільнай сувязі. Выяўленыя неаднаразовыя выпадкі іх транспарціроўкі з Польшчы з мэтай далейшага транзіту ў Расійскую Федэрацыю», — расказаў Кубракоў.
Паводле яго слоў, у Гродзенскай вобласці канфіскавана больш за 142 кг наркатычных рэчываў, якія трапілі ў Беларусь пры дапамозе метэазондаў.
Кіраўнік беларускага МУС не стаў расказваць, як пры дапамозе метэазондаў кантрабандысты пастаўляюць цыгарэты з Беларусі ў Літву і Польшчу.