Фото: УВД Гродненского облисполкома
Кіраўнік МУС Іван Кубракоў прапануе вывозіць будучых кіроўцаў на месцы смяротных ДТЗ перад здачай экзамену на правы кіроўцы. Ён лічыць, што такая мера дапаможа прадухіліць грубыя парушэнні ПДР.
«Я ўжо ўносіў прапанову, каб у нас курсантаў, якія праходзяць навучанне, перад здачай экзаменаў вывозілі на месца ДТЗ са смяротным зыходам. Можа быць, гэта жорстка, але на сённяшні дзень, калі адбываецца дарожна-транспартнае здарэнне, ну настолькі груба парушаюць правілы — проста самагубцы», — заявіў Кубракоў.
Ён таксама звярнуў увагу на рост колькасці ДТЗ з удзелам непаўналетніх за рулём.
«Нягледзячы на тое, што ў цэлым па рэспубліцы зніжаецца колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі людзі, павялічылася колькасць непаўналетніх, якіх, як правіла, таты вучаць ваджэнню, даюць паездзіць самастойна. У выніку ў нас на сённяшні дзень рост.
Вы ведаеце, што ў Гомельскай вобласці загінулі трое дзяцей адразу: пяцёра непаўналетніх узялі машыну, выпілі спіртныя напоі — і ў выніку тры трупы. У Мінскай вобласці дзяўчына, якая вучылася ваджэнню, толькі адсвяткавала 18-годдзе, вырашыла паказаць свайму хлопцу, як яна ўмее ездзіць, — у выніку таксама загінула», — заявіў кіраўнік МУС.
Ён заклікаў грамадзян паведамляць у міліцыю пра парушэнні правілаў дарожнага руху, у тым ліку праз чат-бот МУС у Telegram.
«На сённяшні дзень трэба крыху перабудоўвацца. Гэта не тое, што вы там на кагосьці, як у нашым грамадстве прынята, і ў інтэрнэце пачынаюць пісаць там пра нейкае стукацтва, яшчэ дзесьці нешта. Ваша паведамленне, калі гэта сапраўды грубае правапарушэнне, — гэта ўратуе нечае жыццё», — сказаў Кубракоў.