Крутой: Муравейка будзе каардынаваць памочнікаў Лукашэнкі і аналізаваць TikTok

Былы начальнік Генштаба Павел Муравейка будзе каардынаваць памочнікаў Лукашэнкі ў рэгіёнах, займацца зваротамі грамадзян, у тым ліку ў сацсетках, і кантраляваць стратэгічныя праекты. Так абавязкі Муравейкі на грамадзянскай службе апісаў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой.

Тыдзень таму Муравейка быў прызначаны намеснікам Крутога.

«Я думаю, гэта будзе вялікая дапамога і недзе, як прэзідэнт сказаў, паскарэнне пэўных працэсаў. Другое, Павел Мікалаевіч быў даверанай асобай нашага лідара на апошніх выбарах. Ён выдатна ўзаемадзейнічае з людзьмі. Гэта значыць грамадзянская вось гэтая частка яго кар’еры таксама даволі нядрэнная. Ён валодае добрым аналітычным складам розуму і можа нам дапамагчы ў падрыхтоўцы пэўных матэрыялаў па лініі ўжо, скажам так, грамадзянскіх ініцыятыў.

Прэзідэнт пазначыў, што мы з ім яшчэ пра гэта больш дэталёва пагаворым, Павел Мікалаевіч будзе займацца кантролем за шэрагам стратэгічных праектаў, звязаных не толькі з ваенна-прамысловым комплексам, але звязаных, у тым ліку, у рамках рэгіянальных праграм.

Будзе каардынаваць інстытут памочнікаў прэзідэнта ў рэгіёнах.

І я думаю, што яшчэ будзе займацца зваротамі грамадзян з улікам яго камунікатыўных, скажам так, навыкаў. Звароты грамадзян, акрамя класічнага сегмента, ён таксама застаецца, сёння ў нас вельмі сур’ёзна дапаўняецца вось гэтымі зваротамі праз сучасныя сродкі масавай інфармацыі, TikTok, Threads, Telegram і іншае. І з усяго масіву трэба вылучаць нейкія важныя тэмы, якія сапраўды вартыя ўвагі», — сказаў Крутой.

Паводле яго слоў, прызначэнне Муравейкі — гэта частка працы па ўдасканаленні дзейнасці адміністрацыі Лукашэнкі.

«На ўзроўні прэзідэнта праводзіцца пэўная праца ўнутры адміністрацыі па ўдасканаленні дзейнасці гэтага падраздзялення. І я думаю, што каардынацыю гэтай працы таксама ўзначаліць Павел Мікалаевіч. Таму фронт задач у яго даволі вялікі, і я думаю, ён сур’ёзна ўмацуе наш патэнцыял і дазволіць адміністрацыі рухацца далей з улікам тых задач, якія ставіць наш лідар», — сказаў ён.