Скриншот видео
У Беларусі з’явіліся новыя схемы адмывання грошай, атрыманых злачынным шляхам. Яны прадугледжваюць продаж неіснуючых тавараў на маркетплэйсах, а таксама фэйкавыя дабрачынныя зборы. Пра іх у эфіры беларускага тэлебачання расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця Следчага камітэта Андрэй Матолька.
“Усё большай папулярнасцю ў злачынцаў карыстаецца схема, звязаная з выкарыстаннем індустрыі віртуальных азартных гульняў і платформаў, калі вывад выкрадзеных сродкаў і вывад злачыннага даходу ідзе пад выглядам ставак у анлайн-казіно, бетынгавых кампаніях, альбо праз набыццё нейкіх унутрыгульнявых віртуальных канвертаваных валют”, – сказаў ён.
Для адмывання злачыннага даходу таксама пачалі выкарыстоўваць фіктыўнае аказанне IT-паслуг.
“Яшчэ адной формай, новай формай вываду, адмывання злачыннага даходу, з’яўляюцца так званыя фіктыўны лічбавы фрыланс альбо фіктыўная эканамічная камерцыялізацыя. Калі пад выглядам нібыта аказання нейкіх інфармацыйных паслуг, паслуг у IT-сферы, рэкламных паслуг, што абумоўлівае ў далейшым неабходнасць аплаты гэтых паслуг, альбо, напрыклад, калі з выкарыстаннем якога-небудзь маркетплэйса, альбо анлайн-сэрвісу набываецца нібыта тавар, якога насамрэч не існуе”, – працягнуў ён.
Паводле яго слоў, таксама выкарыстоўваюцца і механізмы краўдфандынгу.
“Яшчэ адной новай формай вываду выкрадзеных грашовых сродкаў трэба назваць так званыя фэйкавыя краўдфандынгі альбо прыцягненне сродкаў нібыта на нейкія дабрачынныя мэты з дапамогай якіх-небудзь стрымінгавых платформаў. Прыцягненне такіх сродкаў, калі такія грашовыя сродкі затым вяртаюцца спонсару за вылікам расходаў гэтай платформы”, – заключыў Матолька.