Колькасць загінулых пасля ракетнага ўдару па ўкраінскіх Прылуках дасягнула 18. Сярод іх 4 дзяцей

У Прылуках Чарнігаўскай вобласці Украіны працягваецца разбор завалаў пасля расійскага ракетнага ўдару па жылым доме. На дадзены момант вядома пра 18 загінулых, сярод якіх чацвёра дзяцей – тры хлопчыкі ва ўзросце аднаго года, а таксама дзіця 8 гадоў. Яшчэ дзясяткі людзей атрымалі раненні, сярод іх сямёра дзяцей, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

“Расіяне добра ведаюць, што наносяць удары па звычайных гарадах, па звычайным жыцці. І працяг прымянення ракет супраць Украіны, супраць нашых людзей, нашых дзяцей — гэта абсалютна свядомы выбар тэрору. Менавіта гэта выбірае Масква насуперак усім нашым намаганням з партнёрамі дзеля набліжэння міру. І гэта відавочная прычына, чаму ціску на Расію трэба больш і чаму абаронных пакетаў для Украіны трэба больш. Важна, каб лідары гэта разумелі. Важна, каб свет сёння не прамаўчаў”, – заявіў украінскі лідар.

Паводле даных ДСНС Украіны, усяго пацярпелі 55 чалавек. З-пад завалаў удалося выратаваць 15 чалавек, у тым ліку адно дзіця. Некаторыя людзі пакуль не выходзяць на сувязь.

Удар па Прылуках быў нанесены сёння каля 06:00. Адно з траплянняў прыйшлося непасрэдна ў жылую шматпавярхоўку, калі жыхары знаходзіліся ў сваіх кватэрах.

Фота: t.me/dsns_telegram
Фота: t.me/dsns_telegram