Коўл ужо ў Літве. Абмеркаваў з Будрысам сітуацыю ў Беларусі

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл прыбыў у Вільню. У літоўскай сталіцы ён сустрэўся з міністрам замежных спраў краіны Кястуцісам Будрысам. У цэнтры ўвагі была сітуацыя ў Беларусі. Чакаецца, што заўтра Коўл наведае Мінск. На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што чакае яго 15 верасня.

Як паведамілі ў прэс-службе літоўскага МЗС, бакі абмяркоўвалі намаганні адміністрацыі ЗША па забеспячэнні вызвалення палітвязняў у Беларусі, сітуацыю з бяспекай у рэгіёне, а таксама дзеянні беларускага рэжыму супраць Літвы і суседніх краін, якія працягваюцца.

«Вызваленне палітычных зняволеных — надзвычай важная гуманітарная мэта. Мы высока цэнім лідарства Злучаных Штатаў і іх намаганні па вяртанні свабоды людзям, незаконна зняволеным за свае погляды і грамадзянскую дзейнасць», – заявіў Будрыс.

Ён падкрэсліў, што Літва працягне аказваць усю неабходную падтрымку гуманітарным намаганням ЗША і вызваленым палітычным зняволеным. Разам з тым міністр адзначыў, што літоўскі бок станоўча ацэньвае кожны выпадак вызвалення палітычных зняволеных, але падкрэсліў, што агульная колькасць палітвязняў у Беларусі застаецца высокай, а рэпрэсіі працягваюцца.

Будрыс таксама звярнуў увагу на тое, што Беларусь застаецца цесна інтэграванай у расійскую ваенна-палітычную структуру і сістэму бяспекі, працягвае падтрымліваць расійскую агрэсію супраць Украіны і спрыяе ваеннаму ціску на Захад. Уздымалася пытанне міграцыйнага ціску з боку Беларусі. Будрыс адзначыў, што патокі мігрантаў зноў растуць, расце маштаб другаснай міграцыі праз Латвію. Ён звярнуў увагу на з’яўленне тунэляў пад літоўска-беларускай мяжой.

«Такія добра абсталяваныя тунэлі не маглі б быць пабудаваныя без дапамогі або, прынамсі, ведама беларускіх уладаў. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, што мінскі рэжым працягвае выкарыстоўваць міграцыю як сродак ціску на Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы-члены», — заявіў міністр.

Будрыс падкрэсліў, што Літва працягне падтрымліваць усе намаганні па забеспячэнні свабоды беларускіх палітычных зняволеных, захоўваючы пры гэтым прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека, рэгіянальнай бяспекі і адказнасці беларускага рэжыму за варожыя дзеянні супраць суседніх дзяржаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!