Коўл разлічвае на вызваленне больш як 100 беларускіх палітвязняў у найбліжэйшай будучыні

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл дапускае, што ў рамках перамоў з Мінскам, якія працягваюцца, можа быць вызвалена яшчэ каля 100 або больш палітвязняў. Гэта прагучала ў яго інтэрв’ю «Настоящему времени» 17 верасня ў Рызе, піша “Радыё Свабода”.

“Я лічу, што падчас цяперашніх перамоў, якія ўсё яшчэ працягваюцца, мы зможам у самай найбліжэйшай будучыні, напэўна, прыкладна праз месяц, вызваліць яшчэ каля сотні ці нават больш за 100 чалавек. Якія пытанні трэба вырашыць, каб гэта стала рэальнасцю? Ну, напрыклад, раней мы ўжо здымалі пэўныя санкцыі дзеля вызвалення людзей, і цяпер трэба пераканацца, што банкі і бізнес у Злучаных Штатах разумеюць, што азначае гэтае зняцце санкцый, што весці бізнес у гэтай сферы, па сутнасці, дазволена.

Такім чынам, нам трэба вярнуцца да гэтага пытання і ўсё ўрэгуляваць. Мы не ведалі, што амерыканскі бізнес, банкі і іншыя структуры не разумелі сутнасці гэтых мер. Таму нам трэба гэта зрабіць, а потым мы вернемся да працэсу”, — сказаў ён.

Журналіст адзначыў, што, на думку Святланы Ціханоўскай, Аляксандр Лукашэнка прадае зняволеных, каб дамагчыся зняцця санкцый. Ён спытаў, ці не заахвочваюць Лукашэнку гэтыя дамоўленасці і зняцце санкцый арыштоўваць новых палітвязняў, каб мець тавар для гандлю?

“Я не ўпэўнены. Не ведаю дакладнай колькасці; усе, з кім я размаўляю, называюць розныя лічбы адносна таго, колькі людзей цяпер арыштоўваюць. Таму я не ведаю, якая лічба рэальная. Але калі Лукашэнка гандлюе зняволенымі ў абмен на паслабленне санкцый, у мяне няма з гэтым праблем, таму што менавіта я гляджу ў вочы вызваленым зняволеным і бачу, што для іх значыць свабода. Для мяне гэта значна важней за нейкія палітычныя пытанні, якія могуць хваляваць кагосьці звонку.

Мая пазіцыя і пазіцыя Злучаных Штатаў — гуманітарная: дапамагчы людзям. Калі я магу вызваліць 25 чалавек — гэта цудоўна. Калі 200 — таксама цудоўна. Менавіта так мы на гэта глядзім. І, ведаеце, у Святланы можа быць сваё меркаванне, а ў мяне — сваё. Што датычыцца пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі, то ён заявіў нам, што адмаўляе статус палітвязняў для гэтых вызваленых людзей”, — быў адказ.

Паводле слоў спецпасланніка, сам ён не лічыць гэтае пытанне прынцыповым.

“Я называю іх зняволенымі; калі ён хоча, каб я так іх называў, няхай; калі ён хоча, каб я называў іх хоць зайцамі (у арыгінале — rabbits, «трусамі». — РС), для таго, каб іх вызвалілі, мне ўсё роўна. Калі ён лічыць, што яны не палітвязні, няхай лічыць. Я проста ведаю людзей. Таму для мяне семантыка ў гэтым пытанні не мае вялікага значэння. Для іншых людзей гэта можа быць важна, але для мяне — не”, — дадаў ён.

Коўл паведаміў, што яго кантакты з Мінскам датычацца не толькі вызвалення зняволеных. Паводле яго слоў, ЗША таксама зацікаўленыя ў паляпшэнні адносін Беларусі з іншымі краінамі і паступовым вяртанні краіны ў міжнародную супольнасць.

“Гаворка ідзе не толькі пра зняволеных, але і пра тое, каб паводзіны беларускага ўрада сталі лепшымі, прынамсі лепшымі за тыя, якія, на мой погляд, яны дэманстравалі ў дачыненні да некаторых сваіх суседзяў, каб мы маглі вярнуць іх у сям’ю народаў. І яны з гэтым згодныя.

За апошнія паўтара года мы прасоўваліся крок за крокам, і я лічу, што мы дамагаемся поспехаў, але, вядома, Лукашэнку трэба кіраваць краінай, у яго ёсць саюзнік — Пуцін, таму сітуацыя складаная. Але я лічу, што свет стаў бы лепшым, калі б Беларусь падтрымлівала добрыя адносіны з астатнім светам. І мне здаецца, што яны стараюцца”, — сказаў ён.

“Яны робяць спробы, і справа рухаецца ў гэтым напрамку. Я не магу сказаць, што я ўпэўнены, але мы робім поспехі, і яны робяць поспехі. Таму, думаю, мы рухаемся ў правільным напрамку. Не думаю, што гэта адбудзецца за адну ноч. Гэта рэальны працэс. Расія — галоўны саюзнік Беларусі, а Беларусь — адзін з нямногіх саюзнікаў Расіі. Таму ім і трэба вырашаць гэтае пытанне, а не мне”, — адзначыў Коўл.

Ён лічыць магчымым у будучыні выбудаваць больш інстытуцыянальныя адносіны паміж ЗША і Беларуссю і заявіў пра неабходнасць аднаўлення працы амерыканскага пасольства ў Мінску, адзначыўшы, што гэта паступовы працэс.

“Свет вельмі складаны. Але, як на мяне, усё рухаецца ў правільным напрамку, а гэта значна лепш, чым рухацца ў няправільным”, — сказаў ён.

“Думаю, Злучаныя Штаты хацелі б калі-небудзь наладзіць больш цесныя эканамічныя сувязі з Беларуссю. Думаю, Захад хацеў бы, каб гэта стала нормай. Пакуль жа гэта не так. Гэта працэс, які патрабуе развіцця. Справа ў тым, што наяўнасць эканамічных адносін з краінай, як у выпадку з Кітаем і тым, як ЗША ўзаемадзейнічаюць з ім, дазваляе пазбегнуць найгоршых сцэнарыяў развіцця падзей”, — заявіў спецпасланнік.

Адказваючы на пытанне пра магчымую ролю Лукашэнкі як пасярэдніка паміж ЗША і Расіяй, Коўл назваў такі варыянт “карысным”. Ён адзначыў працяглыя адносіны беларускага кіраўніка з Уладзімірам Пуціным і заявіў, што Лукашэнка патэнцыйна мог бы выступіць у якасці пасярэдніка ў пытанні вайны.

Коўл таксама расказаў, хто вызначае, якія санкцыі ў дачыненні да Беларусі могуць быць вынесеныя на абмеркаванне ў рамках перамоў аб вызваленні зняволеных.

“Ну, у выпадку з Беларуссю гэта раблю я, а потым абмяркоўваю пытанне з дзяржсакратаром або самім прэзідэнтам, і мы праходзім праз пэўную працэдуру. Напрыклад, Джон Коўл лічыць, што варта зняць санкцыі з таго, таго і таго. І гэта альбо зацвярджаецца, альбо мне кажуць: «Не, гэтага рабіць нельга, а вось гэта можна», — расказаў ён.

Нагадаем, 16 верасня ў выніку перамоў Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі былі вызваленыя 25 чалавек. Іх вывезлі з Беларусі ў Літву. У абмен ЗША здымуць санкцыі з «Беллеспаперапрама» і «Лакафарбы». Таксама Коўл заявіў, што вызваленне палітвязняў і зняцце санкцый працягнуцца.