Коўл адказаў на крытыку сустрэчы з літоўскімі дэпутатамі

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл пракаментаваў крытыку ў адрас яго сустрэчы з еўрадэпутатам Пятрасам Гражулісам і двума членамі Сейма Літвы — Рымасам Янкунасам і Ігнасам Вегеле. Сустрэча адбылася ў Вільнюсе перад візітам Коула ў Мінск.

«Я сустракаюся з многімі людзьмі, каб даведацца іх меркаванні. Гэта не значыць, што я з імі згодны ці не згодны. Але я вучуся», — напісаў Коўл у X.

Падставай для каментара стаў пост прэтэндэнта на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі Беларусі 2020 года Валерыя Цапкалы, які звярнуў увагу на крытыку сустрэчы з боку прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы.

Наўседа, у сваю чаргу, выказаў меркаванне, што цяперашняя адміністрацыя Белага дома шукае палітычна блізкіх сабе дзеячаў.

«Я думаю, што перад сустрэчай з такімі людзьмі варта вельмі добра высветліць, каго яны прадстаўляюць, якія каштоўнасці адстойваюць, і тады, магчыма, жаданне сустрэцца зменшыцца», — заяўляў літоўскі лідар.

Нагадаем, раней паведамлялася, што сустрэчу арганізаваў Гражуліс праз Групу суверэнных нацый Еўропы, якая падтрымлівае сувязі з адміністрацыяй Трампа. Паводле яго слоў, на сустрэчы абмяркоўваліся адносіны з Беларуссю, метэазонды, затрыманыя літоўскія грузавікі і санкцыі на ўгнаенні. Пазіцыя ўдзельнікаў сустрэчы разыходзіцца з афіцыйнай пазіцыяй літоўскага ўрада — у прыватнасці, яны выступаюць за дыялог з Мінскам на палітычным узроўні.

Трэба адзначыць, што Ігнас Вегеле ў 2024 годзе балатаваўся ў прэзідэнты Літвы. Тады па выніках выбараў ён заняў трэцяе месца. Падчас перадвыбарчай кампаніі Вегеле казаў, што аддаў бы перавагу бачыць Беларусь у выглядзе недэмакратычнай дзяржавы, але якая была б буфернай зонай з Расіяй. Таксама не падтрымліваў знаходжанне ў Вільнюсе Офіса Святланы Ціханоўскай. Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі таксама было апублікавана журналісцкае расследаванне, у якім выказваліся падазрэнні, што бізнес яго сям’і датычны да абыходу санкцый.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!