Кіроўцу выставілі абвінавачанне пасля ДТЗ у Мінскай вобласці, у якім загінуў інспектар ДАІ

Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта ўстанавіла абставіны ДТЗ, у якім загінуў старшы інспектар ДПС спецузвода ДАІ УУС Мінскага аблвыканкама Пётр Масалбасаў.

Нагадаем, аварыя адбылася днём 14 мая на 10-м кіламетры дарогі Р-58 «Мінск — Калачы — Мядзел», паблізу вёскі Якубавічы. Паводле даных следства, 75-гадовы кіроўца Opel рухаўся ў напрамку Мядзела і збіў інспектара ДАІ, які рэгуляваў рух. Супрацоўнік атрымаў цяжкія траўмы і пазней памёр у бальніцы.

Як устанавіла следства, кіроўца мог загадзя ўбачыць інспектара, які знаходзіўся на праезнай частцы і падаваў сігнал аб забароне руху прама і неабходнасці перастроіцца ўправа. Побач стаяў службовы аўтамабіль з уключанымі сінім пробліскавым маячком і аварыйнай светлавой сігналізацыяй. Нягледзячы на гэта, кіроўца не знізіў хуткасць, не выканаў патрабаванне рэгуліроўшчыка і працягнуў рух прама, пасля чаго збіў інспектара.

Згодна з высновамі экспертаў, Opel быў тэхнічна спраўны. Перад наездам аўтамабіль рухаўся з хуткасцю каля 82 км/г. Паводле ацэнкі спецыялістаў, гэтай хуткасці было дастаткова для бяспечнага перастраення ў правую паласу і з’езду з дарогі.

У рамках расследавання следчыя дапыталі абвінавачанага, пацярпелых і сведкаў, правялі следчыя эксперыменты, вывучылі экспертныя заключэнні і запісы відэарэгістратараў. Паводле даных СК, сведкі пацвердзілі, што дзеянні інспектара былі зразумелыя ўдзельнікам руху.

75-гадоваму кіроўцу выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 317 КК Беларусі аб парушэнні правілаў дарожнага руху, якое па неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека.

Пятру Масалбасаву было 40 гадоў. Ён служыў у ДАІ і раней працаваў на дарогах Гомельскай і Мінскай абласцей. У яго засталіся двое непаўналетніх сыноў.