Кіраўнік МУСіА Польшчы: Грамадзянства – гэта найвышэйшы акт прызнання і найвышэйшы дар

Суіскальнікі польскага грамадзянства павінны будуць прайсці спецыяльны тэст. Такія папраўкі ў закон аб грамадзянстве прадугледжаныя праектам, які распрацоўваецца Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. Каментуючы змест тэсту ў эфіры Radio Zet кіраўнік ведамства Марцін Кервіньскі назваў грамадзянства найвышэйшым дарам польскай дзяржавы.

“Гэта будзе каля 40 пытанняў пра польскую культуру, традыцыі, польскую гісторыю, а таксама польскую грамадскую рэальнасць, напрыклад, веды пра сучаснае грамадства. На мой погляд, справа выглядае так…

Спадар рэдактар, справа выглядае так: польскае грамадзянства — гэта найвышэйшы акт прызнання і найвышэйшы дар, які польская дзяржава можа паднесці асобе, якая аб ім хадайнічае.

Відавочна, што гэтыя асобы павінны прайсці вельмі дбайную праверку; натуральна, яны павінны быць асіміляваныя ў Польшчы. Відавочна, што цэнтр іх жыццёвай актыўнасці павінен знаходзіцца тут. Гэты тэст закліканы пацвердзіць, што такі чалавек асіміляваны ў польскую культуру і традыцыі, што ён з’яўляецца часткай польскага грамадства”, – сказаў ён.

Праца над праектам знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Аднак яго канчатковы тэкст пакуль невядомы, разам з тым МУСіА апублікавала некаторыя дэталі. Акрамя тэсту, павышаюцца патрабаванні да ведання мовы з В1 да В2, павялічваецца цэнз аселага пражывання ў краіне, з’яўляюцца нормы аб пазбаўленні набытага грамадзянства за парушэнні.

Марціну Кервіньскаму таксама было зададзена пытанне, што будзе з тымі, хто ўжо пачаў працэдуры прызнання грамадзянінам або набыцця грамадзянства.

“Усё залежыць ад таго, калі будзе прыняты гэты законапраект. Ён знаходзіцца на заключным этапе працы. Нядаўна яго ўнеслі ў пералік заканадаўчых работ урада.

Я чакаю пацвярджэння ад міністра фінансаў адносна сродкаў, таму што гэты законапраект прадугледжвае выдзяленне невялікіх дадатковых сродкаў у першы год яго рэалізацыі.

У залежнасці ад таго, калі ён будзе прыняты, мы даведаемся, на каго ён будзе распаўсюджвацца. У гэтым сэнсе ён, відавочна, не будзе прымяняцца да тых, хто ў цяперашні час знаходзіцца на заключных этапах гэтай працэдуры”, – сказаў міністр.