Фото: facebook.com/kariuomene
Літва можа падоўжыць узмоцненую ахову мяжы з Калінінградскай вобласцю Расіі з прыцягненнем вайскоўцаў да пачатку лістапада. З такой просьбай міністр унутраных спраў краіны Марцінас Катэлінас звярнуўся да міністра абароны Робертаса Каўнаса, піша Delfi.
«Учора я звярнуўся да міністра абароны з просьбай аб падаўжэнні ўзмоцненай аховы мяжы і прыцягненні да гэтага вайскоўцаў», – заявіў ён журналістам у сераду.
Ён мяркуе, што рашэнне чакаецца ў найбліжэйшы час. Раней планавалася, што армія будзе ўдзельнічаць у ахове мяжы да 16 кастрычніка.
Пакуль Літва разлічвае задзейнічаць да 100 вайскоўцаў, аднак іх дакладную колькасць вызначаць у залежнасці ад патрэб памежнай службы.
“Пакуль столькі ж, колькі ёсць. Гэтая колькасць не выбіта на камені. Служба аховы дзяржмяжы на месцы бачыць, дзе ёсць патрэба, колькі трэба вайскоўцаў, і гаворыць пра гэта з Мінабароны і арміяй. Думаю, што яны дамовяцца, колькі спатрэбіцца вайскоўцаў: 60, 80 або 100. Гэта не палітыкі дамаўляюцца пра тое, якія магутнасці патрэбныя”, – сказаў кіраўнік МУС.
Тыднем раней міністр абароны Літвы Робертас Каўнас прыняў рашэнне аб узмацненні аховы мяжы з Калінінградскай вобласцю з прыцягненнем арміі. Меры былі прынятыя з улікам інцыдэнту на латвійска-беларускай мяжы, дзе група мігрантаў у суправаджэнні ўзброеных асоб паспрабавала незаконна перасекчы мяжу. Яшчэ адной прычынай узмацнення аховы літоўскі бок назваў прэвентыўныя меры ў сувязі з паведамленнямі пра мабілізацыю ў Расіі пасля выбараў.