Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Талібана прыехаў у Беларусь абменьвацца досведам

Міністр грамадскай аховы здароўя Афганістана Нур Джалал Джалалі прыбыў з дэлегацыяй у Беларусь. Мэта візіту — развіццё супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя, паведаміла афганскае ведамства.

Дэлегацыю сустрэў намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Барыс Андрасюк. Паводле паведамлення афганскага боку, ён назваў візіт важным для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва.

Падчас паездкі Джалалі плануе сустрэцца з кіраўніцтвам беларускага Міністэрства аховы здароўя і наведаць Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, РНПЦ «Кардыялогія», РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і Гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. У праграме таксама пазначана дзяржаўнае прадпрыемства па вытворчасці лекаў, але яго назву афганскае ведамства не прыводзіць.

Бакі маюць намер абмеркаваць абмен досведам у аказанні медыцынскай дапамогі, падрыхтоўцы спецыялістаў і вытворчасці лекаў, а таксама магчымасці пашырэння супрацоўніцтва ў асобных галінах медыцыны.