Фото: National Assembly
Беларуская дэлегацыя на чале з Сяргеем Рачковым выслухала скаргі камбоджыйскага боку на бядотнае становішча мясцовых жыхароў з-за “агрэсіі Тайланда”, паведамляе Agence Kampuchea Presse.
Рачкоў з’яўляецца старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Ён сустрэўся 19 лістапада са старшынёй Нацыянальнага сходу Камбоджы Самдэк Моха Ратсапхеатхіка Тхіпадэй Кхуон Судары на палях 47-й Генеральнай асамблеі Міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН (АІПА) на Філіпінах.
Бакі абмеркавалі магчымасці для пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва, у прыватнасці за кошт умацавання міжпарламенцкіх сувязей, развіцця кантактаў паміж грамадзянамі, турызму, гандлю і інвестыцый.
Падчас сустрэчы Самдэк Кхуон Судары таксама праінфармавала беларускую дэлегацыю “пра рэальнае становішча, у якім апынуўся камбоджыйскі народ у выніку агрэсіі Тайланда”.
Яна падкрэсліла, што “з-за парушэнняў Тайландам рэжыму спынення агню і міжнароднага права больш за 20 тысяч камбоджыйцаў не могуць вярнуцца ў свае дамы, паколькі тайскія войскі працягваюць незаконна і сілай утрымліваць пад сваім кантролем суверэнную тэрыторыю Камбоджы”.
Гаворка пра памежны канфлікт паміж Камбоджай і Тайландам, які ў ліпені і снежні 2025 года двойчы перарастаў у буйныя баі. Буйныя баі 24 ліпеня пачаліся каля двух іншых храмаў — Та Муэн Тхом і Та Крабей. Кожны бок сцвярджаў, што першым адкрыў агонь іншы. У снежні баі аднавіліся.
27 снежня 2025 года бакі дамовіліся пакінуць войскі на пазіцыях, якія яны займалі на момант спынення агню. Адначасова яны зафіксавалі, што размяшчэнне войскаў не прадвызначае праходжанне дзяржаўнай мяжы, і абавязаліся забяспечыць перамешчаным жыхарам найхутчэйшае, бяспечнае і бесперашкоднае вяртанне дадому. Бангкок спасылаецца на першую ўмову, тлумачачы, чаму яго войскі застаюцца на месцы. Пнампень указвае на дзве астатнія. Паводле даных МУС Камбоджы на 18 лістапада 2026 года, каля 20 тысяч чалавек усё яшчэ не вярнуліся. Сярод прычын ведамства называла прысутнасць тайскіх вайскоўцаў, пагрозы бяспецы і разбурэнне дамоў і інфраструктуры.
Мяжу вызначалі ў пачатку XX стагоддзя, калі Камбоджа знаходзілася пад французскім пратэктаратам, а Тайланд называўся Сіямам. Найбольш вядомая спрэчка пра старажытны кхмерскі храм Прэахвіхеа. Дагавор 1904 года праводзіў мяжу ў гэтым раёне па водападзеле, а на складзенай пазней карце храм апынуўся з камбоджыйскага боку. У 1962 годзе Міжнародны суд ААН прызнаў суверэнітэт Камбоджы над храмам, а ў 2013-м удакладніў, што рашэнне ахоплівае ўвесь скальны выступ, на якім ён стаіць.