«Кіберпартызаны» падлічылі страты Расіі на аснове ўзламанай базы Расстата

«Кіберпартызаны» падлічылі, што з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну па 27 жніўня 2026 года на баку Расіі загінулі не менш за 393 881 чалавека. Такі вынік група атрымала на аснове даных, якія былі выняты з унутранай інфармацыйнай сістэмы Расстата ў выніку ўзлому, пра які паведамлялася раней.

Для падліку выкарыстоўвалася база рэгістрацыі смерцяў. У яе ўключылі запісы, у якіх прычынай смерці былі пазначаны ваенныя дзеянні (код Y36 паводле Міжнароднай класіфікацыі хвароб), наступствы ваенных дзеянняў (Y89.1), а таксама выпадкі, калі гібель у выніку баявых дзеянняў была пазначана словамі без адпаведнага кода.

«Такім чынам, атрыманая лічба амаль 394 тысячы памерлых адлюстроўвае мінімум устаноўленых загінулых у выніку баявых дзеянняў толькі на расійскім баку», – заявілі «Кіберпартызаны».

Хакеры прызнаюць, што ў статыстыку мог трапіць невялікі працэнт грамадзянскіх асоб, якія загінулі ў выніку баявых дзеянняў, а таксама ўдзельнікаў іншых узброеных канфліктаў за даследаваны перыяд.

Адначасова падлік не ахоплівае людзей, якія загінулі на вайне, але не былі ўнесены ў рэестр альбо былі зарэгістраваны з іншай або не пазначанай прычынай смерці. Акрамя таго, частка запісаў магла быць прапушчана з-за памылак пры ўводзе даных.

“Варта таксама адрозніваць колькасць загінулых і агульную колькасць страт асабовага складу (загінулыя, параненыя, інваліды, зніклыя без вестак). Мы падлічылі менавіта ўстаноўленых загінулых. Агульная колькасць страт асабовага складу ў ваенных канфліктах, як правіла, у 3-5 разоў большая за колькасць памерлых. Такім чынам, атрыманая намі лічба не разыходзіцца з данымі аб стратах асабовага складу арміі РФ, якія публікуюць ведамствы Украіны”, – падкрэслілі ў групе.

Уласную ацэнку (450 100 забітых) на аснове атрыманай базы падрыхтавала і хакерская група Silent Crow, якая ўдзельнічала ва ўзломе Расстата сумесна з «Кіберпартызанамі». Паводле слоў апошніх, вынікі двух падлікаў нязначна адрозніваюцца з-за розных методык.

Silent Crow паведаміла, што падчас узлому ўдалося атрымаць базы інфармацыйнай сістэмы «Демография», якія змяшчаюць звесткі пра насельніцтва Расіі і прычыны смерці. На аснове гэтых даных група запусціла сайт са статыстыкай расійскіх ваенных страт.

«Кіберпартызаны» анансавалі асобны падлік загінулых грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расіі. Паводле слоў хакераў, даныя з беларускіх дзяржаўных баз, якія ў іх ёсць, дазваляюць устанавіць колькасць такіх загінулых за перыяд з 2022 па 2024 год.