«Кіберпартызаны» апублікавалі даныя Расстата пра рэзанансныя смерці расійскіх топ-менеджараў

Група «Кіберпартызаны» апублікавала звесткі пра прычыны смерці расійскіх топ-менеджараў, бізнесменаў і чыноўнікаў, якія памерлі пры рэзанансных абставінах з 2022 года. Інфармацыю ўдалося атрымаць у выніку узлому Расстата, сцвярджаюць хактывісты.

Група прадставіла вытрымкі з базы пасведчанняў аб смерці за 2022–2026 гады, у якіх пазначаны афіцыйна зарэгістраваныя прычыны смерці, у тым ліку ў выпадках, абставіны якіх раней публічна не раскрываліся.

У прыватнасці, апублікаваныя даныя пацвярджаюць, што віцэ-прэзідэнт «Лукойла» Віталь Робертус, які памёр 13 сакавіка 2024 года, быў знойдзены павешаным у сваім кабінеце. У базе прычынай смерці пазначана павешанне з нявызначанымі намерамі. Род смерці 8 азначае, што не ўдалося ўстанавіць, ці было здарэнне самагубствам, няшчасным выпадкам або вынікам дзеянняў іншага чалавека.

Таксама апублікаваны звесткі пра смерць старшыні савета дырэктараў «Лукойла» Равіля Маганава, які 1 верасня 2022 года выпаў з акна Цэнтральнай клінічнай бальніцы ў Маскве. У дакументах яго смерць класіфікавана як падзенне, скачок або сутыкванне з вышыні з нявызначанымі намерамі.

Яго пераемнік Уладзімір Някрасаў, які памёр 24 кастрычніка 2023 года, паводле апублікаваных даных, памёр ад унутрымазгавога кровазліцця. Кампанія паведамляла, што ён памёр у выніку вострай сардэчнай недастатковасці.

У матэрыялах таксама змяшчаюцца звесткі пра некалькіх кіраўнікоў структур «Газпрама». Смерці Аляксандра Цюлякова, Юрыя Воранава і Леаніда Шульмана класіфікаваны як самагубствы. Паводле апублікаваных дакументаў, Цюлякоў быў знойдзены павешаным, Воранаў памёр ад агнястрэльнага ранення, а Шульман ад “наўмыснага пашкоджання вострым прадметам”.

Смерць першага намесніка гендырэктара «Якутскэнерго» Ігара Шкурко, якога ў красавіку 2023 года знайшлі мёртвым у камеры СІЗА, таксама зарэгістравана як самагубства праз павешанне.

У шэрагу іншых выпадкаў у дакументах пазначаны захворванні. Так, прычынай смерці старшыні савета дырэктараў «Уралкалія» Дзмітрыя Осіпава у жніўні 2025 года названа злаякаснае новаўтварэнне галаўнога мозга. Заснавальнік групы кампаній «Самолет» Міхаіл Кенін, паводле базы, памёр ад хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца.

«Загадкавыя смерці топ-менеджараў, бізнесменаў і чыноўнікаў РФ з 2022 года сталі глебай для многіх чутак і тэорый. Тым больш што ўлады часта афіцыйна не даюць тлумачэнняў па гэтых выпадках», – адзначылі «Кіберпартызаны».

Хактывісты заявілі, што апублікаваныя звесткі з’яўляюцца толькі пачаткам расследаванняў, якія сталі магчымыя дзякуючы атрыманню дакументаў Расстата. Паводле іх слоў, журналісты ўжо вывучаюць “сотні тысяч” файлаў.

Скрыншоты t.me/cpartisans_by