Иллюстрация: Киберпартизаны.
«Кіберпартызаны» апублікавалі некаторыя дакументы, атрыманыя ў выніку ўзлому ўнутранай IT-інфраструктуры Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расіі (Расстата).
У выніку ўзлому «Кіберпартызаны» і хакерская група Silent Crow атрымалі доступ да асноўных унутраных сістэм службы: ЦСОД, СТАТЭК, Дэмаграфія і іншых са статыстычнай інфармацыяй, якая не публікуецца.
Апрацоўка ўсяго атрыманага масіву даных зойме час, але ўжо цяпер «Кіберпартызаны» гатовыя падзяліцца ўнутраным дакументаабаротам Расстата, у тым ліку з грыфам ДСК.
«Унутраны дакументаабарот Расстата цікавы ў першую чаргу мноствам даных пра тэрыторыі Украіны пад расійскай акупацыяй. Рэжым Пуціна старанна хавае гэтую інфармацыю. Даныя статыстыкі па захопленых землях перадаюць толькі па запыце ва ўпаўнаважаныя ведамствы РФ у рэжыме ДСК. Гэта ўнікальныя дакументы, якія праліваюць святло на карціну жыцця ў гэтых рэгіёнах пад акупацыяй пуцінскага рэжыму», — заяўляе групоўка.
«Кіберпартызаны» публікуюць даныя па народжаных і памерлых у «ДНР» у 2023 годзе, статыстыку па ўсіх галінах вытворчасці ў «ДНР» за 2025 год, сацыяльна-эканамічныя паказчыкі з разбіўкай па месяцах.
Сярод атрыманай хакерамі інфармацыі — база даных са пасведчаннямі аб смерці ўсіх грамадзян РФ, чые смерці зафіксаваныя афіцыйна. Маюцца даныя з пачатку поўнамаштабнай вайны з Украінай і да жніўня 2026 года.
Асобная статыстыка па памерлых у выніку баявых дзеянняў пакуль не выяўлена, але ў базе пазначаныя прычыны смерці, па якіх можна вызначыць, што чалавек памёр менавіта на вайне. Гэтыя даныя цяпер апрацоўваюцца.