КДК расказаў пра правал планаў па павелічэнні продажаў беларускіх тавараў

Камітэт дзяржкантролю заявіў аб зніжэнні долі беларускіх тавараў у рознічным гандлі і недасягненні ўстаноўленых паказчыкаў на 2025 год. Пытанне павелічэння продажаў айчыннай прадукцыі разглядалася сёння на калегіі ведамства.

Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021–2025 гады прадугледжвалася павялічыць долю беларускіх тавараў у рознічным тавараабароце да 63%, а харчовых тавараў – да 85%. Гэтыя паказчыкі дасягнутыя не былі. Паводле даных КДК, у апошнія гады доля продажаў айчыннай прадукцыі скарачаецца, у тым ліку ў катэгорыях, якія беларускія вытворцы здольныя цалкам забяспечыць.

У ведамстве адзначылі, што пагадненні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю з гандлёвымі сеткамі і вытворцамі не далі рэальнага выніку. Летась ніводзін з найбуйнейшых рытэйлераў не дасягнуў устаноўленага арыенціра па долі продажаў беларускіх тавараў.

“Беларуская прадукцыя ў гандлёвых залах нярэдка маецца ў недастатковым асартыменце, размяшчаецца на ніжніх паліцах або ў нязручных для пакупнікоў месцах. Гандлёвыя сеткі ігнаруюць рэкамендацыі МАРГ аб прыярытэтнай выкладцы айчыннай прадукцыі”, – заяўляюць у КДК.

Акрамя таго, не наладжана ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва айчынных вытворцаў з маркетплейсамі. Там прадаецца пераважна імпартная прадукцыя, адзначаюць у ведамстве.

КДК паведаміў таксама пра шматлікія парушэнні ў крамах нізкіх цэн, якія гандлююць імпартнымі таварамі. У прыватнасці, выяўляліся выпадкі продажу прадукцыі неналежнай якасці, без дакументаў аб набыцці і без маркіроўкі.

“Стрымлівае рост продажаў і пасіўнасць саміх вытворцаў у прасоўванні сваёй прадукцыі. Выяўляюцца факты невыканання заявак гандлёвых сетак. Спыняецца выпуск запатрабаваных мадэляў. Не вядзецца сістэмная маркетынгавая праца. Недастаткова развіта праца з дробнымі суб’ектамі гандлю”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У КДК заявілі, што органы фінансавых расследаванняў працягнуць выяўляць і спыняць злачынствы ў сферы рознічнага гандлю. Па кожным факце прычынення істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам дзеянні датычных асоб абяцаюць ацэньваць у рамках крымінальнага заканадаўства.