Казахстан у дзясяткі разоў павысіць утыльзбор на аўтамабілі і сельскагаспадарчую тэхніку з Беларусі

Міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў Казахстана прапанавала шматразова павялічыць утылізацыйны плацёж на аўтамабілі і самаходную сельскагаспадарчую тэхніку, якія ўвозяцца з Расіі і Беларусі. Праект змяненняў у загад ад 2 лістапада 2021 года № 448 “Аб зацвярджэнні методыкі разліку утылізацыйнага плацяжу” быў апублікаваны на сайце міністэрства 22 студзеня 2026 года.

“Праект загаду накіраваны на выпраўленне рэгулятарных дысбалансаў, павышэнне ўзгодненасці нацыянальнага рэгулявання з абавязацельствамі ў рамках ЕАЭС і абарону нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Казахстан у інтэграцыйных працэсах”, — гаворыцца ў абгрунтаванні.

Папраўкі прапануюцца з мэтай выпраўлення дысбалансу ва ўзроўні ўтылізацыйнага плацяжу ў Казахстане ў адносінах да ўтылізацыйнага плацяжу ў Беларусі і Расійскай Федэрацыі, а таксама выключэння рэгулятарнага і цэнавага арбітражу пры ўзаемным гандлі ў рамках ЕАЭС, лічаць распрацоўшчыкі змяненняў.

“Гэта звязана з тым, што пры разліку ўтыльзбору на аўтамабілі, якія экспартуюцца з Казахстана ў Расію і Беларусь, дадаткова да ўсталяванай у гэтых краінах стаўкі ўтыльзбору спаганяюцца розніцы сум мытнай пошліны, ПДВ і акцызаў, выплачаных у Казахстане”, — растлумачылі ў ведамстве.

Пры гэтым, згодна з артыкуламі 454 і 456 Мытнага кодэкса ЕАЭС, аўтамабілі, вырабленыя ў Казахстане, прызнаюцца таварамі ЕАЭС. Адпаведна, прымяненне ў Беларусі і Расіі так званых мытных каэфіцыентаў у дачыненні да аўтамабіляў казахстанскай вытворчасці з’яўляецца неправамерным.

“Выпраўляючы дысбаланс у стаўках утыльзбору паміж нашай краінай і партнёрамі па ЕАЭС, утыльзбор для расійскай і беларускай тэхнікі будзе прыведзены да ўзроўню плацяжу, устаноўленага заканадаўствам Расійскай Федэрацыі з 1 снежня 2025 года”, — адзначылі ў міністэрстве.

У ведамстве таксама паведамілі, што ў Казахстане вырабляецца сельскагаспадарчая тэхніка беларускіх і расійскіх брэндаў на падставе ліцэнзійных пагадненняў.

“Аднак з парушэннем гэтых пагадненняў у Казахстан ажыццяўляюцца пастаўкі ўжо гатовай прадукцыі. Павышаную стаўку ўтылізацыйнага плацяжу прапануецца ўстанавіць для спынення паралельных схем у гэтай сферы”, — рэзюмавалі ў прэс-службе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!