Фото: gov.kz
Казахстан шукае новыя маршруты для экспарту вугалю праз абмежаванні, якія ўвяла Расія. Разглядаецца варыянт паставак праз Беларусь, піша Ulysmedia.kz.
Са жніўня-верасня гэтага года РЧ спыніла ўзгадненне часткі заявак на транспартаванне казахстанскага вугалю праз расійскія марскія парты. Праз гэта казахскія прадпрыемствы не могуць вывозіць сваю прадукцыю ў запланаваных аб’ёмах.
Перамовы з РЧ для абмеркавання аб’ёмаў паставак і планаў на 2027 год запланаваныя на лістапад.
Тым часам Казахстан прапрацоўвае варыянты альтэрнатыўных маршрутаў, у тым ліку праз Оршу і парты ў Грузіі і Латвіі.
«Разглядаюцца варыянты арганізацыі перавозак праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь (станцыя Орша), па Транскаспійскім міжнародным транспартным маршруце ў напрамку порта Поці, праз станцыю Дзіны Нурпеісавай у напрамку порта Поці, а таксама ў напрамку латвійскіх партоў Рыга і Вентспілс», — заявіла Міністэрства транспарту Казахстана ў адказе на запыт выдання.
Паводле звестак расійскага выдання «Ведомости», у жніўні транзіт казахстанскага вугалю склаў каля мільёна тон, у верасні — 500 тысяч тон, у кастрычніку — 30 тысяч тон. На кастрычнік і лістапад не было ўзгоднена ніводнай заяўкі на перавозку вугалю ў парты Балтыйскага мора.
Апошнія пастаўкі ішлі ў напрамку Беларусі і Польшчы. Прычынай называецца перагружанасць расійскіх чыгунак праз праблемы з суднаходствам у Азоўскім і Чорным морах.