Александр Зайцев. Фото: tut.by
У Пружанскім раёне можа рэалізоўвацца маштабны праект, звязаны з праўладным бізнесменам Аляксандрам Зайцавым, якога называюць «кашальком Лукашэнкі». Як піша «Хрысціянская візія», пасля будаўніцтва загадкавай капліцы ў вёсцы Ківачына высветлілася, што Зайцаў фінансуе таксама стварэнне новага каталіцкага комплексу ў Пружанах і серыі дарагіх ікон.
Раней рэсурс звяртаў увагу на незвычайную капліцу ў Ківачыне. Будынак завяршылі ў жніўні 2025 года, аднак праз год ён застаецца закрытым і неасвечаным, а крыж на ім так і не ўсталяваны. Адзначаецца, што капліца прызначаная для Рымска-каталіцкай царквы. Жыхары рэгіёна называюць узведзены аб’ект «царквой» або «капліцай Зайцава», хоць яго сувязь непасрэдна з капліцай у Ківачыне афіцыйна не пацверджаная.
У саміх жа Пружанах па ініцыятыве і за грошы Зайцава плануецца будаўніцтва новага каталіцкага храма, пішуць аўтары. Праект быў падрыхтаваны як мінімум год таму, а яго кошт перавышае 1 млн долараў.
Афіцыйна аб’ект будзе называцца «каталіцкі духоўны комплекс “Капліца Св. Архангела Міхаіла”». Ён павінен быць выкананы ў неагатычным стылі і знешне ўяўляе сабой паўнавартасны касцёл. На ўчастку плошчай 1,66 га таксама плануецца пабудаваць парафіяльны дом, парафіяльны цэнтр і «Гефсіманскі сад», а тэрыторыю абсталяваць пешаходнымі і прагулачнымі дарожкамі.
Матэрыялы грамадскага абмеркавання праекта, якое Пружанскі райвыканкам праводзіў у красавіку 2026 года, указваюць, што нібыта заказчыкам выступае мясцовая рымска-каталіцкая супольнасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Прадстаўніком заказчыка тады было мінскае ТАА «ЗА СТРОЙ», распрацоўшчыкам канцэпцыі выступіла ААТ «Брэстпраект».
“Відавочна, што ў маленькай парафіі няма і не можа быць сродкаў на ўзвядзенне новага касцёла”, — выказваюць меркаванне аўтары.
Пры гэтым у Пружанах ужо ёсць каталіцкі храм.
У якасці разгадкі, навошта Зайцаву можа спатрэбіцца новы храм у Пружанах, і ўказання на тое, што яго праект яшчэ больш маштабны і дарагі, аўтары прапануюць факт 5-гадовай даўніны. Гаворка ідзе пра гісторыю серыі каштоўных ікон, якія стварае брэсцкі ювелір Мікалай Кузьміч. У 2021 годзе ў храме суседніх Ружанаў з’явілася дарагая ікона святой Варвары, вырабленая Кузьмічом на заказ неназванага мецэната.
“На фотаздымках, размешчаных на парафіяльнай старонцы, зафіксаваны, мяркуючы па ўсім, той самы мецэнат. Ён у масцы (у той час бушаваў каранавірус), але на адным са здымкаў у мужчыне можна пазнаць Аляксандра Зайцава”, — піша рэсурс.
У 2025 годзе Кузьміч паведаміў пра стварэнне серыі з 12 унікальных ікон. Паводле даных «Хрысціянскай візіі», усе яны заказаныя і аплачаныя Зайцавым і належаць яму, а ў храмы перадаюцца толькі на захоўванне. Кошт кожнай іконы, як сцвярджае выданне, складае сотні тысяч долараў. Для іх вырабу выкарыстоўваюцца золата, срэбра, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні і перагародчатая эмаль.
Вясной 2026 года Кузьміч завяршыў ікону святой Кацярыны. У серыі таксама ёсць вобраз святога Архангела Міхаіла, які, як мяркуецца, будзе захоўвацца ў будучым духоўным комплексе ў Пружанах.
Паводле меркавання «Хрысціянскай візіі», Зайцаў можа планаваць размясціць 12 ікон у розных храмах Пружанскага раёна. Цяпер у раёне налічваецца 10 каталіцкіх касцёлаў і капліц. На думку рэсурсу, капліца ў Ківачыне магла быць прызначаная для адной з ікон, а ў іншых населеных пунктах раёна могуць з’явіцца новыя капліцы.
“12 — сімвалічны лік не толькі ў хрысціянстве. У эзатэрыцы/акультызме, напрыклад, — 12 знакаў задыяка. Масонства таксама выкарыстоўвае сімволіку 12 у некаторых ступенях і рытуалах. Пра тое, каб сам Зайцаў практыкаваў эзатэрыку, пацверджаных даных няма. Аднак яго жонка не хавае сваёй цікавасці да такіх рэчаў, называе сябе ведзьмай, а сябар Зайцава — Алег Арлоў — наўпрост кажа, што займаўся акультызмам. На думку «ХВ», 12 для Зайцава можа быць нейкім магічным лікам і можа разглядацца ім як сакральная абарона тэрыторыі і яе рэсурсаў: людзей, лесу і тых, хто лесам распараджаецца.
Прычым гэта вельмі лакальны цыкл: Пружаны, Ружаны, Белавежская пушча, Беларускае Палессе — гэта значыць малая радзіма і «зона ўплыву» Зайцава. У серыі таксама ёсць «Маці Божая, Уладарка лясоў» і святы Губерт, апякун паляўнічых — гэтыя іконы ўтвараюць відавочную пару: лес як святыня і паляўнічы/ляснік як яго адказны захавальнік. Святая Варвара дадае абарону чалавечага жыцця і рэгіёна ад бедстваў.
Мяркуецца, што ўсе 12 ікон Зайцаў хоча размясціць у розных храмах (у кожным — па адной) на тэрыторыі «свайго» Пружанскага раёна. Але на гэты момант у раёне толькі 10 каталіцкіх касцёлаў і капліц, прычым некаторыя — у выглядзе вясковых хат.
Таму, паводле меркавання «ХВ», бізнесмен вырашыў дабудаваць яшчэ некалькі храмаў, каб іх у раёне стала роўна 12. Галоўным з іх будзе «духоўны комплекс» у Пружанах. Выходзіць, што капліца ў вёсцы Ківачына, верагодна, была пабудаваная для таго, каб размясціць там адну з ікон. Можна чакаць, што падобныя капліцы могуць з’явіцца і ў іншых вёсках Пружанскага раёна”, — разважаюць аўтары.