Фото: @customs.gov.ru
Расійскія мытнікі канфіскавалі ў Падмаскоўі больш за 741 тыс. пачак немаркіраваных цыгарэт коштам звыш 113 млн расійскіх рублёў (каля 1,24 млн еўра). Паводле даных Федэральнай мытнай службы (ФМС) Расіі, цыгарэты ўвозілі з Беларусі ў аўтацыстэрнах. Пры перагрузцы партыі затрымалі грамадзян Беларусі.
Супрацоўнікі Цэнтральнай аператыўнай мытні выявілі цыгарэты, упакаваныя ў скрынкі, на адной з пляцовак у Падмаскоўі. Як паведаміла ФМС, на допыце затрыманыя сказалі, што ведалі пра расійскія патрабаванні да абароту тытунёвай прадукцыі і збіраліся прадаваць цыгарэты ў Расіі. Колькасць затрыманых ведамства не ўдакладніла.
Крымінальную справу распачалі паводле ч. 3 арт. 226.1 КК РФ — аб кантрабандзе стратэгічна важных тавараў у буйным памеры, учыненай арганізаванай групай. Паводле даных ФМС, мужчынам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Затрыманых змясцілі ў следчы ізалятар. Расследаванне працягваецца.