Фото: fntt.lrv.lt
Кампанія, акцыянерамі якой з’яўляюцца грамадзяне Беларусі, атрымала ў Літве штраф 418,7 тысячы еўра за парушэнне міжнародных санкцый. Рэгіянальны адміністрацыйны суд прызнаў спагнанне законным.
Гаворка ідзе пра зарэгістраваную ў Літве кампанію Dage capital. Служба расследавання фінансавых злачынстваў Літвы (FNTT) устанавіла, што кампанія прадавала аўтамабілі класа люкс фірмам з Вялікабрытаніі і Польшчы, пасля чаго машыны праз трэціх асоб перапрадаваліся, вывозіліся ў Расію і рэгістраваліся там.
Паводле даных FNTT, пакупнікі фармальна абавязаліся выкарыстоўваць аўтамабілі ў асабістых мэтах і не вывозіць іх у Расію. Служба палічыла, што Dage capital мела магчымасць прадухіліць парушэнне санкцый, але не кіравала адпаведнымі рызыкамі.
Таксама было ўстаноўлена, што ў кампаніі былі чатыры рахункі ў беларускім «Альфа-Банку», які кантралюецца асобамі, што знаходзяцца пад санкцыямі. Кампанія карысталася гэтымі рахункамі.
Штраф у памеры 418 677 еўра быў накладзены на Dage capital 31 кастрычніка 2025 года. Кампанія абскардзіла рашэнне, аднак суд прызнаў яго законным і абгрунтаваным.
Рашэнне можа быць абскарджана ў Вышэйшым адміністрацыйным судзе Літвы.
Як сцвярджае «Наша Ніва», акцыянерамі «Dage Capital» з кастрычніка 2025 года з’яўляюцца 59-гадовы Віталь Давыдаў і 54-гадовая Марына Варанцова-Гальбас. Кіраўніком кампаніі Давыдаў з’яўляецца з ліпеня 2020 года.