Каля беларускай царквы ў Антверпене пакінулі каністру з піратэхнікай

У нядзелю раніцай каля царквы Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Антверпене была пакінута каністра бензіну з піратэхнікай. Як паведаміла VRT, на месца былі выкліканыя сапёры, крыміналісты.

Па гарачых слядах затрыманы адзін чалавек. Быў канфіскаваны яго аўтамабіль. Датычнасць затрыманага да інцыдэнту расследуецца.

У гэтай царкве праводзяцца службы Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

“Сёньня каля нашай царквы Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса ў Антвэрпэне адбылося трывожнае здарэньне, пра якое ўжо паведамілі бэльгійскія СМІ.

Дзякуем Госпаду, што ўсё абышлося добра і ніхто не пацярпеў!

Шчыра дзякуем паліцыі і ўсім спэцыяльным службам за хуткае рэагаваньне і клопат пра бясьпеку людзей”, – напісаў у Facebook святар Іван Майсейчык.

Паводле яго слоў, з-за здарэння давялося адмяніць нядзельную літургію.